Ўэб-рэдакцыя «Белсату» абрала чалавекам 2024 года палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк як сімвал неймавернай стойкасці ў барацьбе з парушэннем правоў і несправядлівасцю. Паліна – барацьбітка, якую рэжым не адпускае на волю, а яшчэ яна маці і жонка, якую чакаюць з-за кратаў двое дзяцей і муж.
Мы называем чалавекам года Паліну Шарэнду-Панасюк, у якой трагічная і гераічная гісторыя. Нягледзячы на фізічны і маральны ціск, імклівае пагаршэнне здароўя, пазбаўленне магчымасці хоць бы зрэдку пачуць сваіх дзяцей, яна застаецца вернай сваім прынцыпам.
«Дух свабоды і любові»
Яшчэ ў 1990-х Паліна ўзначальвала берасцейскае аддзяленне «Маладога фронту». Ейныя погляды падзяляе муж Андрэй Шарэнда, з якім яны праз «Малады фронт» і пазнаёміліся. Калі пасля пратэстаў 2020 года затрымалі Андрэя, Паліна падзялілася ў інтэрнэце відэа з гэтым момантам і назвала міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі. Гэта паслужыла падставаю для ейнага затрымання 3 студзеня 2021 года.
Улетку таго ж года жанчыну пакаралі двума гадамі калоніі нібыта за гвалт або пагрозу прымяненне гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК), знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і знявагу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Паліна не пабаялася сказаць на судзе, што лічыць свой арышт захопам у палон. Яна назвала суд сталінскай тройкай, а на пытанне, ці лічыць сябе вінаватай, заявіла, што даць адпор злачынцу – гэта гонар.
У зняволенні Паліна Шарэнда-Панасюк таксама выказвае нязгоду з тым, што адбываецца, бо пазней яе яшчэ тройчы каралі нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Праваабаронцы адзначаюць, што Паліна – першая палітзняволеная жанчына, асуджаная паводле гэтага артыкулу. Ейны агульны тэрмін складае пяць гадоў і адзін дзень пазбаўлення волі. Гісторыя Паліны яшчэ раз дэманструе хлуслівасць словаў Лукашэнкі пра тое, што з жанчынамі вайны няма.
Да апошняга пакарання Паліны паводле арт. 411 КК прапагандысты выпусцілі ў сакавіку 2024 года фільм з удзелам палітзняволенай. Ёй паказалі відэа з ейнымі непаўналетнімі дзецьмі, з якімі ў жанчыны няма сувязі амаль чатыры гады, у той час як іншыя зняволеныя маюць магчымасць размаўляць з дзецьмі праз відэасувязь.
Да гэтага моманту Паліна ўжо атрымала ў турме хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці, што суправаджаецца моцнымі болямі. А таксама прайшла праз шмат дзён у ізаляцыі, псіхалагічныя правяранні і цяжкія пераводы з СІЗА ў калонію і назад.
Пры гэтым поўнай інфармацыі пра стан Паліны няма – толькі абрыўкі, якія далятаюць да мужа, і тое, што могуць расказаць асобы, якія сутыкаліся з ёй у зняволенні. Нягледзячы на толькі трывожныя навіны, палітзняволеная ўсё яшчэ застаецца моцнай і вернай сабе.
Андрэй Шарэнда ўлетку 2024 года распавёў, што пачатак года быў для ягонай жонкі асабліва цяжкім. Больш за два з пяці месяцаў яна правяла ў штрафным ізалятары.
«Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І ілжывая абяцанні, што яна зможа пабачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай гады [паводле стану на чэрвень 2024 года. – Заўв. рэд.]. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць.
,,Але Паліна вытрымала. У стомленым ад катаванняў целы трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасць, барацьбу за жыццё і свабоду», – напісаў Андрэй.
«Я ў палоне, і мяне будуць мучыць?»
Былая палітзняволеная Ганна Вішняк расказвала, што Паліна, нягледзячы на ўсе катаванні, застаецца моцнай жанчынай, якая падтрымлівае іншых і не ідзе на саступкі.

У сацсетках Ганна падзялілася ўспамінамі з-за кратаў, калі яны з Палінай былі разам у ШІЗА ў Гомлі. Гэта было прыкладна ў сярэдзіне тэрміну, які Паліна ўжо прабыла ў зняволенні.
«Я сумую па ёй. Гэта вялікі мудры чалавек, цяпер у палоне ў Лукашэнкі цярпіць дзікія болі ў страўніку, рэжым яе катуе дадаваннем тэрмінаў, пазбаўленнем усяго (пракладак, ежы, вітамінаў, лекаў і меддапамогі...). А вось што я памятаю з супольнага ШІЗА ў Гомлі. Канваір кажа суседняй камеры:
"Тук-тук, Паліна Сяргееўна, вы атаварку заказваць будзеце на вашыя 34 рублі? Яшчэ як паводзіцца будзеце, можа і не атрымаеце".
Голас Паліны:
"Так, мне кілаграм памідораў, месяц агародніны не ела, адныя вашыя свінячыя кашы з аўса і рапсавага алею, мне дрэнна са страўнікам ад іх... можна яшчэ хоць пару яблыкаў".
Далей дыктуе дробязь: пасту, туалетную паперу, бо халодна ў адной кашулі, а паперай хоць абкруціцца можна, усё ж цяплей», – напісала Ганна.
На наступную раніцу Ганна пачула, як праходзіць ператрус у Палінінай камеры:
,,«Чую як Паліна чытае рапарт, прамаўляе, што яна незаконна асуджаная, шэраг парушаных артыкулаў... і ў канцы: "Я ў палоне, і мяне будуць мучыць?”»
На што канваір адказаў, што ёй даўно трэба было здацца, тады і праблемаў не было б.
«Так, туалетнай паперай можна сагрэцца, ды і чалавечы арганізм можа шмат што вытрываць... І так, Паліна пры сваім розуме і справіцца, не сумнявайцеся...» – перакананая Ганна.
Муж Паліны асцерагаецца, што яна не перажыве чарговага тэрміну, улічваючы сур'ёзнасць хваробы і нялюдскія ўмовы ўтрымання.
У падобных умовах яшчэ тысячы людзей, і з тымі ж думкамі іхныя блізкія. У гэтых абставінах мы аддаём званне чалавека 2024 года Паліне Шарэндзе-Панасюк як вялікай пакутніцы, гераіні, яркаму сімвалу нязломнасці і адважнасці асабістай ды ўсіх пацярпелых за нязгоду з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Арсен Рудэнка belsat.eu