Беларускія дыяспары ў розных краінах свету ладзяць святкаванне Калядаў і Новага года на роднай мове і паводле нашых традыцыяў. Зрабілі падборку імпрэзаў, якія адбудуцца ўжо ў найбліжэйшыя дні.
Польшча
Варшава
Божае Нараджэнне з малітвай пра Беларусь
Калі: 24 снежня 2024 года
• 19:00 – супольная святочная вячэра;
• 22:00 – літургія;
• 23:00 – выступ Сержука Доўгушава і гурта «Касары».
Дзе: Касцёл Святога Аляксандра, плошча Трох Крыжоў (Plac Trzech Krzyży), Варшава.
,,«Памолімся аб светлай будучыні для кожнага з нас і для нашай Бацькаўшчыны – Беларусі», – запрашаюць арганізатары.
Калядная батлейка з Маляванычам

Калі: 26 снежня 2024 года, 17:00.
Дзе: Прастора, вул. Гожа (Hoża), 41, пам. 2, Варшава.
У праграме: гульні і загадкі для дзяцей і дарослых, настольныя казкі «Пэпі Доўгая Панчоха», «Мама Му», «Як Вожык і мядзведзік сустракалі Новы год», казачная батлейка «Цар Ірад», расповед пра беларускую батлейку.
Уваход за ахвяраванне 50 злотых.
Патрэбная рэгістрацыя.

Ноч, што змяніла свет
Батлейка ў выкананні Маляваныча і ягоных вучняў распавядзе гісторыю, што змяніла свет.
Калі: 29 снежня 2024 года, 16:00.
Дзе: вул. Пулаўска (Puławska), 114, Варшава.
У праграме: гарбата з прысмакамі, спевы і танцы, батлейка, майстар-класы, гульні, кірмаш.
Уваход вольны без узроставых абмежаванняў.

Беларускі Новы год а 23:34
Калі: 31 снежня 2024 года, 23:34 паводле менскага часу, 21:34 – паводле варшаўскага. Пачатак а 21:00, заканчэнне а 23:00.
Дзе: помнік Каперніку, Варшава.
У праграме: спевы, танцы, глінтвейн, жывая музыка, конкурсы, падарункі. Калі вы баіцеся паказаць свой твар – прыходзьце ў калядных масках.
Тэматычны Новы год у Варшаве
Калі: ноч з 31 снежня 2024 года на 1 студзеня 2025 года.
Дзе: клуб «Scena Chmielna», вул. Новы Сьвят (Nowy Świat), 27A, Варшава.
У праграме: конкурсы, выступ кавэр-гурта «G Ducks», фотазона і іншае.
,,«Галоўнае, на маю думку, будзе магчымасць правесці Новы год са сваімі ж беларусамі. Бо, бадай што, многія ўжо даволі даўно ў эміграцыі і нібы маюць свае кампаніі, суполкі, усё адно людзям не стае камунікацыі. Фактычна, ідэя правесці Новы год у беларускім клубе, у цэнтры Варшавы, вельмі добрая, бо людзі змогуць знайсці новае знаёмства, змогуць адпачыць. Мы хочам стварыць такое свята, каб беларусы на ім адчулі сябе, як дома», – пракаментавала імпрэзу суарганізатарка Любоў Шыбаршына.
Кошт квіткоў: ад 250 да 350 злотых.
Падрабязнасці праз спасылку.
Беласток

Святочны канцэрт музыкаў з Вільні
Калі: 27 снежня 2024 года, 17:00.
Дзе: Беларускі хаб «Новая Зямля», вул. Вышыньскага (Wyszyńskiego), 6A, Беласток.
У праграме: выступ Юрыя Несцярэнкі, слыннага магілёўскага блюзмена, перакладчыка на беларускую песень Андрэя Макарэвіча, і гурта «Гудаграй».
Вы пачуеце старыя хіты гуртоў «White Nigth Blues» і «Nestory Band», песні з альбомаў «Свята вялікіх дажджоў», «Аэрапланы ў вырай» і школьныя песні. Таксама вы пазнаёміцеся з творчасцю новага віленскага гурта «Гудаграй», які грае ў стылі фолк-ток.

Беларускі калядны фестываль
Калі: 28–29 снежня 2024 года. Адбудзецца пры падтрыманні Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку.
28 снежня:
• 11:00 – 14:00 – калядны бранч, майстар-клас традыцыйнай кухні.
Дзе: кулінарная студыя «Atuty», вул. Пётркоўска (Piotrkowska), 2A, пам. 2A, Беласток.
Запіс і аплата праз: projekty@ckb.bialystok.pl
Кошт удзелу: для дарослых – 100 злотых; сямейны (дарослы + падлетак) – 180 злотых.
• 16:00 – канцэрт Алеся Чумакова і Таццяны Ячнай. Святочныя песні розных краінаў пад акампанемент беларускіх гусляў.
Дзе: «Centrum Warszawska 50», вул. Варшаўска (Warszawska), 50, Беласток.
29 снежня:
• 13:00 – 19:00 – Калядны хаб: майстар-класы, гульні, батлейка, каляднікі. Для любога ўзросту.
Дзе: вул. Вышыньскага (Wyszyńskiego), 6A, пам. 11, Беласток.
Падляшша
Каляды ў сэрцы Белавежскай пушчы
Калі: 24–26 снежня 2024 года.
Арганізатары прапануюць правесці тры святочныя дні ў самым славутым лесе Еўропы – Белавежскай пушчы.
У праграме:
• шпацыры па лесе ў кампаніі крутых гідаў-навукоўцаў
«Будзем разам шукаць зуброў, прыглядацца да птушак у бінокль, слухаць аповеды пра караеда і ваўка», – гаворыцца на старонцы, прысвечанай імпрэзе.
• Калядная вячэра, супольнае выпяканне печыва і пірагоў.
• Адпачынак – кіно на вялікім экране, чытанне кніжак, пасядзелкі ля печкі.
Неабходная папярэдняя рэгістрацыя, падрабязнасці праз спасылку.
Вроцлаў

Дзіцячая ялінка
Калі: 26 снежня 2024 года, 10:00.
Дзе: CUKR, вул. Руска (Ruska), 46A, Вроцлаў.
У праграме: святочная ялінка, традыцыйныя калядныя героі, спевы, танцы, падарункі.
Уваход вольны. Патрэбная рэгістрацыя.
Ідзе збор грошай на імпрэзу, сродкі патрэбныя на падарункі дзецям, касцюмы, падрыхтоўку залі і падзяку артыстам.
Літва
Вільня

Калядны спектакль «Прыгоды Яніны ў чароўным лесе» на беларускай мове
Калі: 27 снежня 2024 года, 14:00.
Дзе: вул. П. Віляйшыса (P. Vileišio g.), 18N, 2-і паверх, Вільня.
Пра што спектакль:
Яніна – дзяўчынка-падлетак, якая захоўвае веру ў Зюзю, дабро і цуды. За гэта з яе здзекуюцца ў класе і вымушаюць адправіцца ноччу ў лес, каб даказаць існаванне Зюзі. Яна пераадольвае свой страх і ўваходзіць у начны казачны лес, дзе з першых хвілінаў трапляе на незвычайную памежную заставу, якая складаецца з Лешага, Ягі і Кікімары... Гэта гісторыя пра веру, пра экалогію, а галоўнае пра дабро, якога павінна быць як мага больш у сэрцы кожнага з нас.
Кошт квіткоў: ад 12 еўраў, набыць можна праз спасылку.
Латвія
Рыга
Сёлета ў Рыгу для святкавання беларускіх традыцыйных Калядаў на запрашэнне арганізацыі беларусаў Латвіі «SUPOLKA» ўпершыню завітае музыка і спявак, этнограф, заснавальнік культурнага руху «Спеўны сход», установы «ЭтнаТрадыцыя» і фонду «Дом творцаў» у Варшаве, гурта мужчынскіх спеваў «Kasary», фронтмен гурта «Vuraj» Сяржук Доўгушаў.
Калі: 28 снежня 2024 года. Уваход: 15:30, пачатак падзеі: 16:00.
Дзе: вул. Лэрыкю (Leriķu iela), 43A, Рыга.
У праграме:
• удзел у традыцыйным калядным абрадзе з Зоркай, Мядзведзем, Жоравам і Казлом (чаму не з Казой – інтрыга ад аўтара);
• музычны выступ Сержука з каляднымі песнямі пад колавую ліру і беларускія дудкі;
• зімовыя гульні, танцы, карагоды, сюрпрызы і розыгрышы;
• конкурс на найлепшую калядную Зорку (умовы ў рэгістрацыі на імпрэзу).
Уваход вольны (ахвяраванні вітаюцца, але не абавязковыя).
Рэгістрацыя праз спасылку.
Грузія
Батумі

Каляды ў «аКсяродку»
Няўрымслівы Крумкач і разважлівая Мама Му запрашаюць дзяцей усіх узростаў, хто верыць у Цуды, на святочны вечар у «аКсяродку».
Калі: 24 снежня 2024 года, 18:00.
Дзе: прастора «аКсяродак», вул. Парнаваза, 60 (62а), Батумі.
У праграме: спектакль, віншаванні ад Святога Мікалая, падарункі, беларуская дыскатэка.
Колькасць месцаў абмежаваная. Запіс праз форму.
Кошт: дарослы квіток – 5 лары, дзіцячы – 20 лары.

Беларускамоўны квіз «Беларусь як матулю люблю»
Калі: 28 снежня 2024 года, 20:00.
Дзе: прастора «аКсяродак», вул. Парнаваза, 60 (62а), Батумі.
Вас чакаюць сем тураў з пытаннямі пра Беларусь, святочная атмасфера, вясёлыя вядоўцы, топавая музыка, цікавыя падарункі! Вітаецца наяўнасць калядных касцюмаў.
Абавязковая рэгістрацыя тут.
Кошт: 15 лары гатоўкай.
Каманда: да пяці чалавек.
ЗША

Каляды з Сержуком Доўгушавым
З 4 да 25 студзеня 2025 года музыка праедзе з канцэртамі праз некалькі гарадоў, дзе жывуць беларусы.
4 студзеня Доўгушаў будзе ў Нью-Ёрку, 11-га – у Сіэтле (штат Вашынгтон), 18-га – у Г’юстане (Тэхас), 19-га – у Остыне (Тэхас), 25-га – у Тампе (Флорыда).
Падрабязны расклад праз спасылку.
Ганна Ганчар belsat.eu