«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 23 снежня чытайце ў нашым матэрыяле.
Сітуацыя на паўночным усходзе
Цягам апошняга тыдня захоўвалася ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Курскай вобласці РФ, пры гэтым найцяжэйшыя баі фіксаваліся па лініі сутыкнення ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках Суджанскага раёну. Прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што на асобных участках фронту войскам РФ удалося дасягнуць лакальных поспехаў, у прыватнасці, адзначаюцца прасоўванні ў кірунку населеных пунктаў Малая Локня і Кругленькае.
Праўкраінскія крыніцы пішуць, што таксама праціўнік меў поспех у ваколіцах самой Суджы, прасунуўшыся да гораду прыкладна на два кіламетры на ўчастку такой жа шырыні.
Разам з тым фронт на Куршчыне, нягледзячы на яўныя палітычныя фактары (неабходнасць выціскання праціўніка за межы РФ), па-ранейшаму мае для расейцаў хутчэй другасны характар, таму наяўных тут сілаў не дастаткова для таго, каб ажыццявіць сур'ёзныя прарывы абароны праціўніка.
На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух участках фронту – у Харкаўскім і Ваўчанскім раёнах, – але зменаў лініі сутыкнення не назіраецца. Імаверна, абодва бакі не маюць адпаведных сілаў, каб істотна змяніць сітуацыю.
У гэты ж час на ўсходзе рэгіёну ініцыятыва захоўваецца за расейцамі, якія паступова ліквідуюць плацдармы Збройных сілаў на левым беразе ракі Аскіл, атакуючы пры падтрымцы цяжкай тэхнікі. Тут цягам тыдня фіксуюцца прасоўванні на ўчастку паміж населенымі пунктамі Круглякоўка і Лазавая. Аднак агулам гэты рух войскаў РФ пакуль даволі павольны, што можна патлумачыць другасным характарам гэтага кірунку, а таксама наяўнасцю адпаведных сілаў украінцаў для стрымлівання праціўніка.
Сітуацыя на Данбасе
На поўначы Данецкай вобласці – краматорскі кірунак – лінія сутыкнення цягам тыдня заставалася адносна стабільнай, што імаверна звязана з умовамі надвор'я. Праўкраінскія крыніцы мяркуюць, што актыўныя дзеянні з боку праціўніка маюць узнавіцца з пачаткам маразоў. Чакаецца, што расейцы паспрабуюць ажыццявіць механізаваны рывок і прабіцца як мага бліжэй да гораду Канстанцінаўка, мінуючы пазіцыі ЗСУ ў горадзе Часаў Яр.
На суседнім тарэцкім кірунку працягваюцца цяжкія баі на тэрыторыі аднайменнай агламерацыі. Тут варта звярнуць увагу на рывок расейцаў у цэнтральнай частцы Тарэцку ў кірунку шахты «Тарэцкая», якая знаходзіцца на поўначы гораду. Выглядае на тое, што расейскае камандаванне плануе заняць гэты стратэгічны аб’ект абароны ЗСУ, пасля чаго можа пачацца атачэнне агламерацыі з поўначы.
У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці патрабуе ўвагі становішча Збройных сілаў Украіны на пакроўскім кірунку. На поўдні ад аднайменнага гораду працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Шаўчэнка. Прарыў на гэтым участку адкрывае прамую дарогу для расейцаў у бок гораду. Характар баёў указвае на тое, што ЗСУ фактычна старацілі пазіцыі ў сяле, аднак ім усё ж удалося стрымаць наступ праціўніка. У такой сітуацыі войскі РФ былі вымушаныя пакуль крыху змясціць акцэнт сваіх атак на захад і поўдзень у бок населеных пунктаў Салёнае і Новааленаўка адпаведна.
Яшчэ больш крытычным выглядае становішча Сілаў абароны Украіны на курахаўскім кірунку. Тут расейцам удалося замацавацца ў сяле Зялёнаўка (на паўднёвым захадзе ад гораду Курахава), а таксама на ўсходнім беразе ракі Сухія Ялы каля населенага пункту. Цяпер войскі РФ маюць магчымасць рухацца далей уздоўж ракі да суседняга населенага пункту Улаклы, да якога застаецца менш за тры кіламетры. Кантроль над Улакламі дазволіць расейцам перарэзаць трасу Данецк – Запарожжа, што крытычна пагоршыць становішча ЗСУ ў горадзе Курахава і ваколіцах.
Ёсць верагоднасць, што адначасова з гэтым войскі РФ паспрабуюць прасунуцца на паўночным фланзе на ўчастку паміж населенымі пунктамі Старыя Церны і Сонцаўка ў бок суседніх Шаўчэнка і Дачнае, што фактычна дазволіць атачыць групоўку ЗСУ пад Курахавым.
Акрамя гэтага цягам тыдня расейцам удалося зачысціць выступ па фронце каля сяла Успенаўка (з поўдня ад Курахава). Праўкраінскія крыніцы адзначаюць, што праз памылкі камандавання не ўсім байцам ЗСУ ўдалося выйсці з атачэння.
На ўрэмаўскім кірунку (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) Узброеныя сілы РФ паступова набліжаюцца да атачэння пасёлку Вялікая Навасёлка: на паўднёвым фланзе ім удалося пераправіцца цераз раку Мокрыя Ялы з поўначы ад сяла Макараўка, у выніку чаго апошні населены пункт фактычна таксама апынуўся пад іхным кантролем. Цяпер баі ідуць у суседніх сёлах Старажавое і Благадатнае, захоп якіх дазволіць расейцам падысці да ўскрайкаў Вялікай Навасёлкі з поўдня.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu