Берасцейскі абласны суд вынес новую пастанову ў справе супраць арт-менеджара Аляксандра Чахоўскага і павялічыў тэрмін з трох месяцаў арышту да 7 гадоў калоніі і штрафу. На шчасце, усё гэта завочна, бо Аляксандр Чахоўскі цяпер за межамі Беларусі.
13 снежня Берасцейскі абласны суд вынес новы вырак арт-менеджару Аляксандру Чахоўскаму. Гэтым разам яму прысудзілі 7 гадоў калоніі і штраф 800 базавых велічыняў (гэта эквівалентна 32 тысячам беларускіх рублёў), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У чэрвені тая ж установа прысудзіла Аляксандру Чахоўскаму тры месяцы арышту завочна ў справе экстрэмісцкага фармавання «Рудабельская паказуха». Тады яго судзілі паводле артыкулаў аб абразе прадстаўніка ўлады і здзеках з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК РБ).
У гэтай жа справе адбываўся суд над Андрэем і Вольгаю Павукамі, Маргарытаю Ляўчук, Іллём Салянковым і Уладзіславам Наважылавым, яны атрымалі тэрміны ад 6 да 12 гадоў пазбаўлення волі завочна.
Аднак ужо ў кастрычніку Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыю з нагоды выраку Аляксандру Чахоўскаму і адмяніў рашэнне Берасцейскага абласнога суда.
На Чахоўскага ў выніку завялі новую крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў спрыянні «экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК РБ ды стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» паводле ч. 1 арт. 361-1 КК РБ.
Прысуды астатнім фігурантам справы пакінулі без зменаў.
Раман Шавель belsat.eu