навіны

Расследаванне: Улады Беларусі зарабляюць на гульнявой залежнасці дзяцей

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: cpzalmaty.kz
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: cpzalmaty.kz
podpis źródła zdjęcia

Онлайн-латарэя «Белбэт» працуе як віртуальнае казіно, але не падпарадкоўваецца правілам, што дзеяць для такога роду азартных гульняў. Праз гэта там прагульваюць рэальныя грошы падлеткі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) пры падтрыманні «Кіберпартызанаў» і ў партнёрстве з «Белсатам» разабраўся, як працуе латарэя, хто за ёю стаіць і ці можна вярнуць прагулянае дзіцём.

Як маглі б аздобіць онлайн-казіно Упраўлення справамі Лукашэнкі (Калаж: Белсат / Dall-e / Bing.com)

«Сінэзіс» адкрыў для Лукашэнкі залатую жылу: онлайн-казіно прыносіць мільёны

навіны

Як адзначае БРЦ, у Беларусі маюць права праводзіць латарэі толькі дзве дзяржаўныя арганізацыі: РУП «Нацыянальныя спартовыя латарэі» і РУП «Беларускія латарэі». Апошняя належыць Упраўленню справамі прэзідэнта (УСП) і праводзіць найбольшую колькасць латарэяў – 17 з 25, што існуюць.

Хто валодае «Белбэтам»

«Белбэт» – асноўная крыніца заробку «Беларускіх латарэяў». Яе заснавалі ў 2019 годзе, паводле афіцыйнай версіі, каб атрымаць дадатковыя грошы на развіццё прыродаахоўных установаў і санаторыяў, падкантрольных УСП, і на «іншыя мэты».

Зарабляе на «Белбэце» таксама ТАА «Сінэзіс», што трапіла пад санкцыі Еўразвязу за распрацоўванне для беларускіх уладаў сістэмы распазнання і адсочвання асобаў «Kipod». Яна распрацоўвала праграмнае забеспячэнне для «Белбэт» з 2019 года. У лютым 2020 года ў асобную кампанію вылучылі ТАА «Сінэзіс Лато», пазней яго перайменавалі ў ТАА «Рыдота». Гэтая кампанія «забяспечвае суправаджэнне распрацоўвання праграмнага комплексу для правядзення» гульняў «Белбэт». Ёй жа прынамсі да 2031 года належаць правы на лагатып онлайн-латарэі.

«Рыдота» валодаюць расейцы Пётр Шатроў і Мікалай Пціцын і беларус Дзмітрый Швядко. Раней у кампаніі быў яшчэ адзін саўладальнік – брат Шатрова Аляксандр, супраць якога Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі за дапамогу «ў задушэнні грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі» ў Беларусі.

У 2016 годзе ў лік устаноўцаў «Сінэзісу» ўвайшла жонка Аляксея Алексіна – беларускага бізнесоўцы, якога медыі называлі «тытунёвым каралём». Алексін цяпер пад санкцыямі ЕЗ як набліжаны Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ў 2016 годзе акцыянерам «Сінэзісу» зрабілася кампанія Алексіных «Энерга-Оіл-Інвест».

Як працуе «Белбэт»

Онлайн-гульні «Белбэт» імітуюць найбольш папулярны тып аўтаматаў у казіно – слот-машыны. На сайце і ў мабільным дадатку онлайн-латарэі ёсць больш за паўсотні такіх гульняў. Нягледзячы на гэта на «Белбэт» не распаўсюджваюцца абмежаванні для казіно, бо афіцыйна – гэта латарэя.

Паводле ананімнай крыніцы БРЦ з гульнявой індустрыі Беларусі, іншыя ўдзельнікі рынку азартных гульняў спрабавалі разабрацца, якія нарматыўныя акты рэгулююць дзейнасць «Белбэт» і чаму на тое, што па сутнасці ёсць казіно, не распаўсюджваюцца абмежаванні для казіно: «Нам сказалі, што там усё добра, не задавайце лішніх пытанняў».

Каб адкрыць казіно, і онлайн, і офлайн, у Беларусі трэба атрымаць ліцэнзію і выканаць шэраг патрабаванняў. У прыватнасці, да аўтаматаў не дапускаюцца гульцы, малодшыя за 21 год. Пры гэтым у законе гаворыцца, што арганізатар казіно абавязаны ідэнтыфікаваць гульцоў. Да латарэяў такога патрабавання няма.

,,

«Карыстальнік гарантуе, пацвярджае і згаджаецца, што ёсць рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь <...>, ягоны ўзрост складае не менш за 18 гадоў», – гаворыцца ў правілах і на сайце «Белбэт». І гэта адзіная перашкода, што прадугледзелі арганізатары гульні для непаўналетніх.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скрэтч-латарэі. (Выява: Freepik.com)

Міністэрства спорту другі раз за паўтара года пастанавіла запусціць онлайн-латарэю

навіны

У службе падтрымання «Белбэт», з якой журналістка БРЦ звязалася пад выглядам маці дзіцяці, які прагуляў грошы, заявілі, што адказнасць за рэгістрацыю і гульню дзіцяці «кладзецца або на ягоных бацькоў, або на яго». Вярнуць грошы за стаўкі, што зрабілі няпоўнагадовыя, нельга – «на заканадаўчым узроўні». Пра тое, што дзеці сапраўды гуляюць у «Белбэт» і прайграюць там грошы, сведчаць каментары ад імя бацькоў на розных сэрвісах для водгукаў.

Гаворка пра мільярды рублёў

Супрацьстаяць азартным гульням складана нават дарослым, а ў дзяцей шанцаў не зрабіцца ахвяраю гульняманіі яшчэ менш, бо шмат якія сістэмы арганізму, у тым ліку мозг, у падлеткавым узросце яшчэ ў стадыі фармавання, распавяла БРЦ псіхолаг Ганна Таміліна.

У іншых беларускіх онлайн-казіно зарэгістравацца можна толькі загрузіўшы фотаздымкі пашпарту і сэлфі з ім. Без гэтага немагчыма папоўніць рахунак. А значыць – пачаць гуляць не ўдасца, адзначае БРЦ.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк адзначыў, што яму не знаёмая сусветная практыка, у якой чалавека дапускаюць да гульні на рэальныя грошы адразу пасля таго, як ён паставіў птушачку, што яму ёсць 18 гадоў. Паводле яго, ненармальна, калі дзяржава адначасова валодае «Белбэт» і стварае законы, што даюць «Белбэт» перавагу перад канкурэнтамі.

На электронную латарэю «Белбэт» прыпадае 99,8 % усёй выручкі «Беларускіх латарэяў», пісаў «Белсат» у красавіку 2024 года са спасылкаю на звесткі з выцеку дакументаў, якімі падзялілася аб’яднанне «BELPOL». У 2023 годзе «Беларускія латарэі» планавалі атрымаць больш як 6 млрд рублёў выручкі (больш як $ 1,8 млрд).

БРЦ накіраваў запыты наконт РУП «Беларускія латарэі» ў Міністэрства фінансаў і Міністэрства падаткаў і збораў. Рэдакцыя папрасіла ведамствы растлумачыць, ці законна, што «Белбэт» не спраўджвае ўзрост гульцоў, а таксама чаму «Белбэт» называецца онлайн-латарэяй, калі механіка гульняў гэтага праекту супадае з механікамі гульняў онлайн-казіно. Апроч таго, БРЦ пацікавіўся аб’ёмам даходаў РУП «Беларускія латарэі» і тым, на якія канкрэтна праекты скіроўваюць заробленыя грошы.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10