У сталіцы Грузіі, Тбілісі, пасля трох гадоў працы зачыняецца беларуская прастора «Кропка».
21 снежня ў «Кропцы» адбылася агульная развітальная імпрэза, 22-га – апошняя тэматычная падзея (майстар-клас «Калядная зорка»). Апошні дзень працы – 10 студзеня.
«Kropka» зачыняецца праз змяншэнне колькасці беларусаў, якія пражываюць у Грузіі (цяпер каля 12 тыс., што на 3 тыс. меней, чым два гады таму), прыняцце закону «аб замежных агентах» і закону, што дыскрымінуе супольнасць ЛГБТК+, паведамілі «Позірку» ў адміністрацыі прасторы.
Тэматычныя супольнасці працягнуць дзейнасць на іншых пляцоўках, іх анонсы па-ранейшаму будуць размяшчацца ў тэлеграм-канале прасторы.
Паводле інфармацыі адміністрацыі, за тры гады прайшло каля 800 падзеяў, у якіх узялі ўдзел 8,5 тыс. асобаў. Амаль 90 % імпрэзаў арганізавалі самі наведнікі прасторы.
Сёлета ў Батумі закрыўся праект «Медыяхаб» журналістаў Алеся Залеўскага і Антона Сурапіна, што быў створаны паўтара года таму. «Медыяхаб» працаваў як каворкінг, прастора для івэнтаў, а таксама студыя відэа- і гуказапісу. Акрамя таго, аказваў паслугі ў вытворчасці відэакантэнту. На яго базе ладзіліся сустрэчы, лекцыі, канферэнцыі.
Якуб Хруст belsat.eu