Дзясяткі тысячаў беларусаў зазналі палітычны пераслед пасля мірных пратэстаў 2020 года, шмат у каго сілавікі ўчынілі ператрусы. Выданне «Медиазона» сабрала сведчанні людзей, у якіх пасля вобшукаў знікала маёмасць.
У аднаго суразмоўцы выдання падчас ператрусу забралі грошы і тэхніку. Калі пасля следства і суда сваякам вярталі вынятае, тыя не далічыліся $ 2 тысячаў.
«На якім этапе грошы зніклі, не магу сказаць, быў у калоніі. Сума сур'ёзная. Аднак калі ты знаходзішся там, ты баішся за родных. А калі я вызваліўся, не хацеў прыцягваць увагі. Пайду ў міліцыю качаць правы? Крый божа зноў крымінальная справа. Ну, хлопцы, няхай на вашым сумленні будзе», – кажа мужчына.
Яшчэ адзін актывіст сцвярджае, што страціў $ 20 тысячаў, што захоўваў у сейфе ў гаражы на «чорны дзень». Паводле яго, міліцыянт, які рабіў вопіс, паказаў панятым толькі кальцо і стары крыжык, што там былі:
,,«То бок паводле вопісу грошай нібыта і не было. Потым яны так і не знайшліся».
Ахвяраю рабаўнікоў у пагонах стаўся і хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец. Калі яго затрымалі, у ягоным заплечніку было 300 рублёў, а ў вопісе пазначылі 5 рублёў. Астатняе знікла.
Былы палітвязень Канстанцін Карней згадаў, што з кватэры пасля ператрусу зніклі некалькі дыскаў з гульнямі для «PlayStation», бацькоўскі гадзіннік і парфума дзяўчыны – напалову пусты флакон «Сhanel №5».
Пра знікненне маёмасці падчас вобшуку расказваў і палітвязень Мікалай Дзядок. Ён скардзіўся на гэта ў судзе:
«Мяркую, што камеру, штатыў, гадзіннік і тысячу рублёў скралі работнікі ГУБАЗіКу, скарыстаўшыся тым, што я большую частку часу нічога не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. Па-другое, я быў дэзарыентаваны і не мог уважліва чытаць пералік вынятага».
Пастулат «часам не да законаў» зазнала на сабе і спявачка Мерыем Герасіменка, у якой учынілі вобшук, калі яна была ў СІЗА. Пасля вызвалення артыстка не знайшла ўдома залатых завушніц і кулонаў ды дарагога алкаголю.
Зрэшты, прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «BELPOL» Уладзімір Жыгар назваў «выключэннем, але не правілам» знікненне рэчаў падчас ператрусаў. А праваабаронца Леанід Судаленка раіць кантраляваць усё, што робяць сілавікі, чытаць вопіс перад тым, як падпісаць:
«Грошы не могуць знікнуць. Забралі адзін рубель – ён запісаны ў пратаколе. Калі забіраюць без пратаколу, то потым цяжка будзе даказаць, што забралі і не аддалі».
Сцяпан Кубік belsat.eu