навіны

«Гэты рэжым не мае патрэбы ў праўдзе»: праваабаронца – пра здабытую кіберпартызанамі базу смерцяў

img
Пахаванне міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. Менск, Беларусь. 29 лістапада 2022 года. Фота: Belarusian Defense Ministry / Handout/Anadolu Agency via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Надоечы кіберпартызаны паведамілі, што атрымалі базу з інфармацыяй пра памерлых у Беларусі, у тым ліку дакументы з афіцыйнаю прычынаю смерці. Там нават пра асобу з сістэмы, колішняга міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, падобна, праўды не напісалі. Праваабаронца Раман Кісляк у каментары «Белсату» назваў гэта натуральным для цяперашніх уладаў.

«Сістэма, рэжым, дзеіць такім чынам, сістэма так пабудаваная, што яна часта хавае сапраўдныя прычыны смерці. Гэта адбываецца таму, што гэтаму рэжыму не патрэбная праўда, то бок з 'яўляецца гэтак званая палітычная або дзяржаўная мэтазгоднасць», – сказаў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк, каментуючы базу смерцяў, што здабылі кіберпартызаны.


Арганізацыя надоечы паведаміла, што атрымала доступ да інфармацыі пра памерлых у Беларусі, у тым ліку да дакументаў з афіцыйнаю прычынаю смерці. 

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Current Time
«Кіберпартызаны» даведаліся пра афіцыйныя прычыны смерці Ашурка, Макея і іншых вядомых асобаў навіны

Напрыклад, прычынаю гібелі Андрэя Зельцара, застрэленага супрацоўнікам КДБ у 2021 годзе, пазначаная «адкрытая рана пярэдняй сценкі грудной клеткі». А прычына смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, які таксама загінуў у той перастрэлцы ў Менску, – «іншыя ўдакладненыя траўмы з закрананнем некалькіх вобласцяў цела».


Смерць Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, выклікалі «іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». Тое самае – ва Уладзіміра Макея, які памёр у лістападзе 2022 года. Ягоная раптоўная смерць тады спарадзіла шмат канспіралагічных тэорыяў, падазравалі нават забойства.


Кісляк мяркуе, што нават у гэтых афіцыйных дакументах не пішуць праўды, хаця не выключыў, што недзе існуюць паперы з дакладнымі звесткамі:


«Імаверна, у нейкіх справах існуюць крыніцы з інфармацыяй аб сапраўдных прычынах – у экспертаў ці работнікаў КДБ або іншых органаў. На практыцы, з чым мы сутыкаліся: адбываецца смерць, часта звоняць і кажуць, што прыедзе палкоўнік КДБ. Прыязджае работнік, паказвае „корачку“, забірае дакументы, экспертызу і кажа, што прычына смерці мусіць быць такая і такая. Што потым адбываецца з гэтымі рэальнымі дакументамі, мы не ведаем. Можа, захоўваюцца дзе, а, можа, знішчаюцца».


У прававой дзяржаве можна было б дабіцца, каб была высветленая сапраўдная прычына смерці, але не ў Беларусі, канстатуе праваабаронца:

,,

«У нармальнай дзяржаве смерць зняволенага мае быць прадметам сур'ёзнага разбору. Сваякі маюць магчымасць ісці ў суд і намагацца высвятлення прычынаў смерці і пакарання вінаватых. У Беларусі, на жаль, гэта немагчыма. Тое самае з смерцю чыноўнікаў».


Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што ў краіне амаль не засталося праваабаронцаў, якія працуюць адкрыта, паслухмяныя суды дзеяць, як загадае выканаўчая ўлада, дый да судоў даходзяць ужо сфальсіфікаваныя дакументы:


«Рэальныя дакументы хаваюць на аператыўным узроўні, скажам так, яшчэ да следства можа хавацца. Так што, мяркую, праўду мы даведаемся, толькі калі будзе магчымасць праводзіць незалежны разбор, калі будзе незалежны суд, які зможа прымусіць правесці эфектыўнае следства».

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей напярэдадні сустрэчы з расейскім калегам у Менску, Беларусь. 22 лістапада 2016 года. (Фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum)
«Усё больш ясна, што смерць не насіла натуральнага характару». Год таму не стала Макея навіны

Зрэшты, судмедэкспертка Надзея Гурманчук растлумачыла выданню «Зеркало», што ў гэтых базах, якія здабылі кіберпартызаны, часта пазначаныя папярэднія прычыны смерці, вызначаныя яшчэ да анатамавання. Тут ідзецца пра «іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці»з кодам R99. Так пішуць, калі медыкі маюць сумневы. Карціна можа праясніцца акурат пасля анатамавання або дадатковых экспертызаў. Увесь гэты час у базе застаецца папярэдняя прычына.


«Імаверна, кіберпартызаны зарана ўзламалі базы, варта было яшчэ пачакаць, бо ўсё гэта залучаюць у сістэму не адразу, а з часам. У будучыні код R99 звычайна мяняюць на нармальны, дакладны код дыягназу», – сказала экспертка.


У выпадку з міністрам Макеем, як падкрэсліла адмыслоўца, лекар, падобна, перастрахаваўся і, нават не сумняваючыся ў дакладнай прычыне смерці, напісаў папярэднюю, каб пасля дадатковых даследаванняў не давялося перапісваць дакументы.


Уладзіслаў Корсак, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10