Карыстальнікі ў Беларусі не могуць наведаць старонку выдання «Беларусы і рынак» без выкарыстання VPN. Падобна, сайт заблакавалі. Раней міністэрства інфармацыі анулявала рэгістрацыю газеты.
Праблему з даступнасцю сайта заўважыла агенцтва «Позірк». З-за мяжы і пры выкарыстанні VPN старонка незалежнага эканамічнага выдання «Беларусы і рынак» па-ранейшаму адкрываецца.
1 снежня 2022 года міністэрства інфармацыі анулявала рэгістрацыю друкаванага медыя «Беларусы і рынак». Раней, у траўні, сілавікі ўчынілі ператрус у рэдакцыі і затрымалі дырэктара ЗАТ «Медыярынак», выдаўцы газеты, Канстанціна Залатых.
Медыяменеджара пасадзілі на 4 гады паводле абвінавачанняў у абразе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі, у распальванні варожасці і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Праваабаронцы залучылі Залатых у пералік палітвязняў, КДБ – у «тэрарыстычны спіс», а МУС – у «спіс экстрэмістаў».
Пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года цяперашнія ўлады пачалі сістэмныя рэпрэсіі супраць незалежных медыяў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі 45 супрацоўнікаў СМІ.
Кіраўніца Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч надоечы паведаміла, што на 1 лістапада ў краіне зарэгістравана было 1146 медыяў, а на 1 траўня 2020-га іх было 1922.
Сцяпан Кубік belsat.eu