Шуфлядка

7 калядных фільмаў для тых, хто стаміўся ад «Аднаго дома» і «Любові насамрэч»

Кадр з фільму «Пакінутыя» (The Holdovers). Крыніца: imdb.com
Кадр з фільму «Пакінутыя» (The Holdovers). Крыніца: imdb.com
podpis źródła zdjęcia

Вам надакучылі стужкі «Адзін дома», «Любоў насамрэч» і «Гары Потэр», але паглядзець нешта каляднае небязглуздае ўсё роўна хочацца? «Белсат» сабраў для вас сем фільмаў на любы густ: для аматараў рамантычных камедыяў, сумных філосафаў і сапраўдных летуценнікаў. А нават для тых, хто не любіць усёй гэтай каляднай віхуры.

«Пакінутыя» (The Holdovers) 2023 года


Апошні трыумф рэжысёра Алекзандэра Пэйна ўжо атрымаў прызнанне як новая класіка каляднага кіно. Стужка атрымала шэраг узнагародаў, у тым ліку пяць намінацыяў на «Оскар».


Паводле сцэнара, настаўніка Пола Ганэма не любяць ні ягоныя вучні, ні калегі: усе лічаць ягоныя напышлівасць і жорсткасць раздражняльнымі. Яму няма куды пайсці на калядныя святы, таму бурклівы настаўнік застаецца ў школе, каб глядзець вучняў, якія не могуць вярнуцца дадому.


У выніку з ім застаецца толькі адзін вучань, праблемны 15-гадовы падлетак Энгус. Да Пола і Энгуса далучаецца галоўная кухарка Мэры, чый сын нядаўна знік у В'етнаме. Гэтыя тры вельмі розныя асобы ўтвараюць своеасаблівую калядную сям’ю.


«Свежына з салютам» 2001 года


Калі вы ўжо забыліся, то раней звязка «Беларусьфільм» і Міністэрства культуры Беларусі маглі рабіць сапраўдны цуд: добры калядны фільм, які можна пераглядаць шмат разоў.


«Свежына з салютам» – гісторыя пра тое, як у беларускай вёсцы пачынаюць рыхтавацца да вяселля. На свята сябры надумалі забіць дзіка, але той уцёк. Мужчыны пайшлі шукаць яго, але ў выніку давялося шукаць іх самых.


Бонусам да гледачоў – стваральнікі гурта «Пятля прыхільнасці» ў якасці актораў.

Кадр з фільму «Эні Гол» (Annie Hall). Крыніца: imdb.com
Кадр з фільму «Эні Гол» (Annie Hall). Крыніца: imdb.com

«Эні Гол» (Annie Hall) 1977 года


Адзін з самых ацэненых фільмаў Ўудзі Алена стаўся рэкардсменам паводле колькасці міжнародных узнагародаў, там толькі на «Оскар» былі 32 намінацыі (і перамога ў чатырох з іх, у тым ліку як найлепшы фільм). І з часам камедыя не губляе актуальнасці дзякуючы смешным дыялогам і праблемам у стасунках, з якімі сутыкаўся кожны чалавек. Пацвярджэнне: фільм займае чацвёртае месяца ў спісе 100 самых смешных амерыканскіх фільмаў стагоддзя паводле версіі AFI.


Стужка расказвае гісторыю нервовага габрэя-стэндапера Элві Сінгера і пачынаючай спявачкі Эні Гол. У адрозненне ад папярэдніх стасункаў, Элві думаў, што ён, магчыма, развязаў усе праблемы ў сваім жыцці за 15 гадоў тэрапіі, каб зрабіць гэтыя стасункі з Эні доўгімі, але ўсё пайшло не паводле плану.


«Клаўс» (Klaus) 2019 года


Добры і кранальны мультфільм, у цэнтры якога – гісторыя хлопчыка-паштара, які вельмі любіць сваю працу, аднак апошнім часам жыхары гораду рэдка сталі пісаць лісты. Але пры дапамозе стваральніка цацак на імя Клаўс з суседняй вёскі хлопчык здолеў вярнуць сабе працу і сэнс жыцця, а людзям прынёс калядны настрой.


«Клаўс» атрымаў усеагульнае прызнанне крытыкаў, якія пахвалілі мультфільм за прыгожую маляваную анімацыю, гумарыстычны і кранальны аповед, што спадабаецца не толькі дзецям, але і бацькам.

«Бяссонне ў Сіетле» (Sleepless in Seattle) 1993 год


Трохразовы намінант на прэмію «Залаты глобус» як найлепшая камедыя і двухразовы – на прэміі BAFTA і «Оскар». 


Архітэктар Сэм (Том Гэнкс) – у дэпрэсіі пасля смерці каханай жонкі. Ён раптоўна робіцца знакаміты, калі сын тэлефануе на радыёстанцыю і дзеліцца сямейным горам з тысячамі слухачоў. Позняю ноччу на радыё зачытваюць ліст хлопчыка, які шукае маці. Сотні жанчын з усёй краіны адгукаюцца, і калядны цуд збліжае дзве самотныя душы.

Кадр з фільму «Клаўс» (Klaus). Крыніца: imdb.com
Кадр з фільму «Клаўс» (Klaus). Крыніца: imdb.com

«Адпачынак» (The Holiday) 2006 года


Усе гэтыя філасофскія фільмы не для вас? Тады вось прыклад лёгкай стужкі, пад якую можна спакойна наразаць аліўе і нічога важнага не прапусціць. Бонусам яшчэ і паслухаеце трэкі Ганса Цымэра.


Бізнесоўцы з Лос-Анджэлесу Амэндзе, як і лонданскай журналістцы Айрыс, разбілі сэрцы. Яны знаёмяцца онлайн на сайце абмену дамамі, і ў выніку Айрыс пераязджае ў дом Аманды ў Лос-Анджэлесе, а Аманда – у заснежаную англійскую сельскую мясцовасць. Неўзабаве пасля прыбыцця ў пункты прызначэння абедзве знаходзяць тое, чаго найменш жадаюць: новы раман.


«Дрэнны Санта» (Bad Santa) 2003 года


Не любіце агеньчыкаў ды ялінак і не можаце зразумець, чаму ў канцы года ўсе сталі гэткія летуценныя? Тады гэтая стужка для вас. 


Ўілі (Білі Боб Торнтан) і ягоны памочнік-гном Маркус – прафесійныя злодзеі. Кожны год Ўілі ўладкоўваецца Санта-Клаусам у краму, а Маркус – эльфам, каб рабаваць гандлёвыя цэнтры ў ноч на Каляды. Маркус ставіцца да працы сур'ёзна, але Ўілі не можа мець стасункаў з дзецьмі, што стварае шмат праблемаў.


«Дрэнны Санта» і без таго даволі рэдкі прыклад чорнай каляднай камедыі, але яе нават паказалі па-за конкурсам на Канскім кінафестывалі. Прапанова: не глядзіце з дзецьмі і не марнуйце час на другую частку фільму.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10