20 снежня на ОНТ паказалі чарговы прапагандысцкі фільм, у якім нібыта раскрываюцца схемы працы фондаў, што падтрымліваюць палітзняволеных і іхных сваякоў. Даведаліся, як каментуюць гэты фільм тыя, хто быў аб’ектам атакаў, паказаных у сюжэце.
Вядоўца праграмы «Будзе дапоўнена» Ігар Тур расказаў, што сілавікам удалося выкрыць ланцужок кур’ераў, якія пераводзілі грошы пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі.
У фільме паведамлялася пра затрыманне як найменей чатырох чалавек: сярод іх называліся імёны Дзмітрыя Кавалёва, Сяргея Кардаша і Аляксея Кубракова, а таксама Любові Драгель.
Сярод іншага Тур расказаў, што сілавікі атрымалі доступ да базы звестак у «арганайзеры Jira» (праграма для кіравання праектамі, што выкарыстоўваецца для адсочвання працы камандаў, асабліва ў вялікіх кампаніях). На экране прадэманстравалі частку табліцы з нейкімі электроннымі адрасамі і прозвішчамі, а таксама са статусамі праведзеных плацяжоў.
Асаблівасцю сюжэту было тое, што ў ім паказалі яшчэ пяць вызваленых палітзняволеных (Уладзіміра Балцянкова, Аляксандра Лагуту, Арцёма Пуценіча, Уладзіміра Апановіча і Сяргея Чэкеля), якія прамовілі на камеру адзін і той жа тэкст пра тое, што іхныя персанальныя звесткі былі незаконна выкарыстаныя, а таму яны збіраюцца падаваць скаргі ў Еўрапейскі суд у правах чалавека. Ёсць імавернасць, што падпісанне такіх скаргаў магло быць умоваю іхнага вызвалення.
Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак пракаментаваў з’яўленне гэтага фільму, адзначыўшы, што раней папярэджваў пра рыхтаванне сілавікамі серыі правакацыяў супраць гуманітарных арганізацый. Але ён адзначыў, што сістэма дапамогі палітвязням і іхным сваякам не зазнала шкоды і працягвае працу.
,,«Задача "госаў" падарваць давер і разарваць плыню салідарнасці з палітвязнямі не дасягнутая. Асобна хачу заявіць – людзей у кадры, якіх выкарыстоўваюць прапагандысты, я лічу закладнікамі і ахвярамі тэрору. У іх становішчы яны могуць рабіць любыя заявы. Мы ведаем і разумеем, што іх прымушаюць гэта казаць», – напісаў Андрэй Стрыжак у Facebook.
Пракаментаваў сюжэт на ОНТ і кіраўнік ініцыятывы «BY_help» Аляксей Лявончык, адзначыўшы, што сістэма дастаўкі дапамогі працуе, як і раней.
«Беларускім "госам" вельмі б хацелася, каб нашая сетка салідарнасці была разгромленая. Не. Мы працягваем працаваць. Нашая сетка ўнутры краіны застаецца intact. Нашыя “дзясяткі кур’ераў” працягваюць заставацца at large. Нашыя базы застаюцца недатыкальнымі. А аматарам намаляваць таблічкі ў эксэлі на каленцы асаблівае прывітанне», – напісаў Аляксей Лявончык.
«Белсату» ўдалося звязацца з Аляксеем і высветліць крыху больш падрабязнасцяў пра так званыя «злітыя базы».
Наш суразмоўца адзначыў, што тое, што ў фільме «накручана з імёнамі», – гэта абсалютнае трызненне.
,,«Я нават не магу зразумець, хто гэтыя людзі, якія там згадваліся. Я маю на ўвазе іхную таблічку [кадр з фільму, дзе паказваецца «база звестак» з Jira. – Заўв. рэд. «Белсату»]. Базу нашую ніхто не ўзломваў. Таму што мы не захоўваем дадзеныя ў адной базе, у нас іх некалькі, мы гэтыя дадзеныя раскідалі па некалькіх кластарах, каб на выпадак уцечкі мінімізаваць шкоду ад яе. Экспарт з Jira, што не ёсць аніякім «арганайзерам», не выглядае такім чынам, як там намалявана… Калі б гэта быў экспарт з Jira, табліца б была структуравана зусім інакш», – падкрэсліў Аляксей Лявончык.
Больш за тое, падкрэсліў суразмоўца, у арганізацыі база вядзецца не на расейскай мове, таму статусы «оплачено», што былі насупраць некаторых прозвішчаў, выглядаюць вельмі дзіўна. Таму, робіць выснову Аляксей Лявончык, гэтая база, імаверна, «была скляпаная на каленцы з тых звестак, што ў іх ужо ёсць». Што да абазнанасці сілавікоў пра вядзенне ў арганізацыі праектаў праз Jira, то суразмоўца не выключае, што назва гэтага інструменту магла ўсплываць недзе ў размовах, калі браць да ўвагі тое, што ў арганізацыі працуе вялікая колькасць чалавек.
Раман Шавель belsat.eu