Раніцаю 21 снежня беспілотнікі атакавалі Казань. Пашкоджаныя некалькі жылых будынкаў, узніклі пажары.
Адзін з беспілотнікаў трапіў у 32-павярховы элітны жыллёвы комплекс «Блакітныя нябёсы». У выніку атакі таксама пацярпеў будынак ЖК «Мангэтан» і пяціпавярховік.
Мэрыя Казані пацвярджае факт прылётаў і кажа пра пажары ў трох раёнах гораду.
Рух вакол дамоў перакрыты. На месцы здарэнняў прыбылі пажарныя машыны і аператыўнікі. У горадзе таксама праведзеная выбарачная эвакуацыя ў некаторых школах, а таксама ўведзеныя часовыя абмежаванні на працу аэрапорту.
Адзін з дронаў быў апазнаны як украінскі дрон-камікадзэ «Люты».
У адным з будынкаў папярэдне пашкоджаныя кватэры на 15 паверхах. Усяго, паводле прэс-службы Татарстану, было зафіксавана 8 прылётаў, адзін з іх – на прамысловае прадпрыемства. Шэсць прылётаў – у жылы масіў. Параненых і пацярпелых няма.
Казань – горад Рэспублікі Татарстан. Ад украінскай мяжы да яго больш за 1000 кіламетраў.
У той жа час вядома, што вечарам 20 снежня Расея атакавала Харкаў беспілотнікамі «Герань-2», у выніку дзясяткі прыватных дамоў атрымалі пашкоджанні, за медычнай дапамогаю звярнуліся два чалавекі. Агулам за ноч украінскія супрацьпаветраныя сілы збілі 57 беспілотнікаў над тэрыторыяй краіны, агулам быў зафіксаваны запуск 113 дронаў.
Раман Шавель belsat.eu