навіны

Сірыец падаў скаргу ў польскі суд на памежнікаў, якія тройчы вярталі яго ў Беларусь

Мігранты
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: wm.strazgraniczna.pl
podpis źródła zdjęcia

Грамадзянін Сірыі, які тройчы спрабаваў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу, падаў скаргу на польскіх памежнікаў за тое, што тыя ўсе тры разы вярталі яго назад у нашую краіну і не прынялі прашэнне аб міжнароднай абароне. Справу разглядаў ваяводскі адміністратыўны суд у Беластоку.

Плот на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота: Stanisław Żaryn / Twitter

У Польшчы ў 2024 годзе – рэкордная колькасць спробаў незаконна перасячы мяжу

навіны

На судовым паседжанні сірыец не прысутнічаў, ягоныя інтарэсы абараняла прадстаўнічка. Дзе ён сам – невядома.


У скарзе сірыец апавядаў, што ў траўні 2024 года разам з групаю іншых мігрантаў перайшоў беларуска-польскую мяжу ў ваколіцах Дубічаў Царкоўных. Гэта была ягоная трэцяя спроба, падчас папярэдніх дзвюх польскія памежнікі затрымлівалі яго і адпраўлялі назад у Беларусь.


Гэтым разам групу мігрантаў заўважылі менш чым за кіламетр ад мяжы. Сірыец сцвярджае, што іх збілі, а аднаго чалавека з групы пакусаў сабака на каманду памежнікаў. Таксама памежнікі нібыта ўжывалі супраць мігрантаў пярцовы газ і парэзалі нажамі іхны абутак.


Мігранты спрабавалі падаць прашэнні аб міжнароднай абароне, але іх не прынялі, а замест гэтага вярнулі ўсю групу ў Беларусь праз службовыя дзверы ў плоце на мяжы.


Суд адхіліў скаргу сірыйца і спаслаўся на тое, што заяўнік не прадставіў доказаў перабывання на тэрыторыі Польшчы і быў вернуты ў Беларусь.


На пачатку 2024 года польскі суд стаў на бок іншага сірыйца, які таксама скардзіўся, што яго вярнулі ў Беларусь, аднак ён прадставіў у якасці доказаў скрыншоты перапісак са сваякамі, што вёў з мяжы, і запісы інтэрнэт-картак з каардынатамі.


У перыяд з 1 студзеня да 15 снежня 2024 года польскія памежнікі зафіксавалі 30 тысячаў спробаў мігрантаў нелегальна трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. У 2023 годзе было 26 тысячаў спробаў, а ў 2022 годзе – 15 тысячаў.


Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу распачаўся ў 2021 годзе. Польшча, Літва і Латвія вінавацяць у ім Аляксандра Лукашэнку і кажуць, што ён выкарыстоўвае мігрантаў як інструмент гібрыднай агрэсіі.


Каб абараніцца ад незаконнай міграцыі, Польшча пабудавала на мяжы з Беларуссю плот з электроннай сістэмай назірання. Агароджу на мяжы ўзвяла таксама Літва.


Сёлета польскі жаўнер Матэўш Сітэк загінуў у выніку ранення нажом, яшчэ адзін атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні твару.


15 кастрычніка польскі Сейм прыняў новую міграцыйную стратэгію да 2030 года, што прадугледжвае ў тым ліку часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак у Польшчы.


На пачатку снежня Польшча на 90 дзён прадоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю.


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10