навіны

30 гадоў улада змагаецца з карупцыяй. Якія вынікі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Міжнародная бізнес-асацыяцыя «TRACE» апублікавала рэйтынг краінаў на падставе ўзроўню хабарніцтва ў камерцыйнай дзейнасці. Беларусь апусцілася на тры пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам і заняла 173 месца са 194 краінаў. Чаму ж за 30 гадоў абяцанняў і пагроз так і не ўдалося перамагчы карупцыю?

«У вертыкальна інтэграваных недэмакратычных дзяржавах, дзяржавах з вертыкаллю ўлады, як любіць казаць Лукашэнка, заўжды карупцыя квітнее. Бо тыя, хто на месцы бачыць неэфектыўнасць працы, раскраданне грошай, не маюць інструменту паўплываць на працу дзяржавы. Увогуле такая дзяржава не схільная кіравацца імпульсамі, якія сыходзяць ад грамадства», – кажа каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Менавіта нагляд з боку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі найгорш ацанілі складальнікі рэйтынгу. Адная з прычынаў гэтага – нізкая ступень свабоды медыяў. Апроч таго, паводле вынікаў, у нашай краіне слабое стрымліванне карупцыі, кепскае выкананне антыкарупцыйных нормаў, непразрыстая праца дзяржаўных органаў.

Пра павелічэнне колькасці карупцыйных злачынстваў кажуць і ўлады. Так, паводле Генпракуратуры, калі ў 2021 годзе іх было 1048, то летась ужо 1593.

Міністэрства ўнутраных справаў тым часам рэгулярна справаздаецца пра чарговыя затрыманні і выяўленне хабарніцкіх схемаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Але гучныя справы і жорсткія прысуды не перашкаджаюць вінаватым у хабарніцтве праз нейкі час зноў займаць адказныя пасады. Напрыклад, былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, які ў 2022-м атрымаў 7,5 гадоў зняволення за хабар, ужо на волі і кіруе лесапаляўнічай гаспадаркай у Белавежскай пушчы.

,,

«Галоўным крытэрам ёсць не эфектыўнасць працы чыноўніка ці празрыстасць ягоных фінансавых дзеянняў, а ягоная лаяльнасць сістэме. А той, хто пракраўся, хто на кручку, – хутчэй будзе лаяльны, бо ён будзе баяцца, ён ведае, у чым ён вінаваты, на яго ёсць тэчка з дакументамі пра ягоныя парушэнні», – мяркуе Вадзім Мажэйка.


Лукашэнка дэклараваў змаганне з карупцыяй яшчэ да абрання прэзідэнтам.

Але ўжо ў год першых выбараў, 20-га снежня 1994-га, Сяргей Антончык падчас сесіі Вярхоўнага Савету выступіў з дакладам пра карупцыю ў атачэнні самога Лукашэнкі. Дзяржаўныя газеты дэманстрацыйна выйшлі з белымі палосамі замест забароненага Лукашэнкам дакладу. Перад кожнымі новымі выбарамі зноў чуем абяцанні перамагчы карупцыю ды рэгулярныя прачуханцы чыноўнікам.

Дзе ж поспехі трыццацігадовага змагання?

,,

«Усе затрыманні, усе антыкарупцыйныя дзеянні, якія праводзіць рэжым Лукашэнкі, – бутафорыя, гэта не вядзе да паляпшэння сітуацыі. Бо рэальная карупцыя – гэта і ёсць Лукашэнка, ён яе стварыў і ён яе ўзначаліў», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.


Напрыклад, у верасні «BELPOL» апублікаваў суму дывідэндаў, што атрымаў ад продажу БелАЗаў у Расеі прэзідэнцкі спартовы клуб – каля 6 мільёнаў долараў. Узначальвае гэтую структуру сярэдні сын Лукашэнкі, Дзмітрый. Або кампанія «Вектор Капитал Групп», якую «BELPOL» лічыць копіяй Кіраўніцтва справамі прэзідэнта для абыходу санкцыяў.

«Карычам аддалі ў свой час добрую частку Менску пад забудову, а ў гэты ж час яны пабудавалі Лукашэнку рэзідэнцыю. Карупцыя? Карупцыя. Але калі гэтага не казаць, калі гэта не паказваць, то міжнародныя арганізацыі будуць рабіць высновы толькі на тых праявах карупцыі, што паказвае сам рэжым, а яны мінімальныя, на нізавым узроўні», - кажа Уладзімір Жыгар.

Улада тым часам паказвае актыўнае змаганне. Так, сёння ў Берасці і ў Бабруйску адбыліся паседжанні камісіяў супрацьдзеяння карупцыі.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10