Новы губернатар Курскай вобласці Расеі – супярэчлівая асоба. Падрабязней у праграме «Лукавыя навіны».
Пакуль усе каторы год запар абмяркоўваюць прамую лінію Пуціна (сёлетняя прайшла ў гэты чацвер), мы знайшлі для вас нешта сапраўды цікавае, чаго вы дакладна раней не бачылі: прамую лінію часовага выканальніка абавязкаў губернатара Курскай вобласці Аляксандра Хінштэйна.
Пачынаў Аляксандр Хінштэйн з працы журналістам у газеце «Московский комсомолец». Яшчэ тады за надта шчыльную супрацу з сілавікамі за Хінштэйнам замацавалася мянушка Зліўны бачок. Нейкім чынам у рукі журналіста траплялі запісы тэлефонных размоваў, напрыклад, чальцоў перадвыбарчага штабу Барыса Ельцына ў 1996 годзе. Гэта вядомая гісторыя пра «скрынку з-пад ксераксу», у якой прыхільнікі першага прэзідэнта Расеі захоўвалі 500 тысяч долараў наяўнымі на перадвыбарчую кампанію. Супраца была настолькі плённай, што сёння цяжка знайсці сілавое ведамства, якое не ўручыла б экс-дэпутату Хінштэйну ўзнагародаў. Толькі ацаніце гэты спіс: ФСБ, МУС, Расгвардыя, ФСА, Мінюст, Генпракуратура, ФАУСІ, Федэральная міграцыйная служба, Мінабароны, МНС, ФСВП... Пры гэтым выданне «Ведомости» сцвярджае, што гэта яшчэ не поўны спіс.
Сам жа Хінштэйн скандальнасць сваёй журналісцкай кар'еры тлумачыць тым, што ён займаўся актыўнай, а не пасіўнай журналістыкай. Прамая лінія Хінштэйна праходзіла нібыта без мадэрацыі. Але з такімі вядоўцамі прамой лініі і мадэрацыі не трэба. Вось што Хінштэйн сказаў нібыта пра марадзёраў з Украіны.
,,«Што магу сказаць? Калі гэтая тэрыторыя ўсё яшчэ застаецца пад акупантамі, баюся, што ніяк мы не зможам абараніць дамоў і маёмасці нашых людзей. Калі гэта прыфрантавая – калі можна так сказаць – тэрыторыя, тут ужо прасцей».
belsat.eu / ЮК