У бюджэце Беларусі на 2025 год на выбары адклалі 54,2 млн рублёў. Выбары-2020 абышліся куды танней нават з улікам інфляцыі.
Закон аб рэспубліканскім бюджэце Беларусі на 2025 год быў афіцыйна апублікаваны 20 снежня. На правядзенне выбараў і рэферэндумаў у ім заклалі 54 145 157 рублёў. Выбары ў 2025 годзе запланаваныя толькі адныя: прэзідэнцкія 26 студзеня. Як заўважыла «Zerkalo», сума на выбары-2025 куды большая за выдаткаваную на выбары 2020 года.
На выбары-2020 у бюджэт заклалі 25 482 117 рублёў, а выдаткавалі ў выніку на 103,7 тысячы менш (калі лічыць менавіта правядзенне выбараў і не ўлічваць палітычных рэпрэсіяў). То бок у рублях выбары-2020 былі таннейшымі ў 2,12 разу.
Калі палічыць у доларах паводле курсу Нацбанку на дзень выбараў, то выбары-2020 каштавалі 10,4 млн долараў ЗША. На выбары-2025, паводле курсу на дзень публікацыі Закону аб бюджэце, запланавалі 15,6 млн долараў – у 1,5 разу больш.
Пры гэтым у бюджэце-2020 на выбары было закладзена 0,14 % ад усіх выдаткаў, а ў бюджэце-2025 – толькі 0,11 %.
На прэзідэнцкіх выбарах, што прайшлі ў 2020 годзе, Аляксандр Лукашэнка зазнаў паразу ў першым туры (аналіз галасоў тут у PDF): хоць пасадзіў галоўных апанентаў, саступіў жонцы зняволенага апазіцыянера Святлане Ціханоўскай. Лукашэнка захаваў уладу дзякуючы масавым рэпрэсіям, Ціханоўская апынулася ў выгнанні.
Да збору подпісаў на выбары-2025 дапусцілі толькі кандыдатаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку або прынамсі не крытыкуюць яго. Двое дапушчаных, Сяргей Бобрыкаў і Вольга Чамаданава, неўзабаве адмовіліся ад удзелу. Апазіцыя заклікае байкатаваць гэтыя выбары ў актыўнай ці пасіўнай форме.
Еўрапейскі парламент падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Чэхія і Эстонія заявілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі заклікалі Кангрэс Злучаных Штатаў і кіраўнікі камітэтаў замежных і еўрапейскіх справаў парламентаў Італіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі.
Алесь Наваборскі belsat.eu