Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады ўпершыню паўдзельнічаюць у працы ПАРЕ, каб падкрэсліць важнасць непрызнання выбараў Лукашэнкі, неабходнасці вызвалення палітвязняў і прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці.
Каманда Паўла Латушкі – намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідара Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і лідара фракцыі ў Каардынацыйнай радзе – паведаміла, што Латушка разам з чальцамі фракцыі КР «Еўрапейскі выбар» Аляксандрай Мамаевай і Валерыем Мацкевічам правялі ў Сейме Польшчы сустрэчу з адмысловым спавяшчальнікам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў справе Беларусі Рышардам Пэтру.
На сустрэчы абмеркавалі ўдзел дэлегацыі КР у пленарнай сесіі ПАРЕ 27–31 студзеня 2025 года. Разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння беларускай і польскай дэлегацыяў у межах ПАРЕ, дасягнулі дамоўленасці пра важнасць прасоўвання беларускай тэматыкі ў пастановах ПАРЕ.
«Асноўная ўвага беларускіх прадстаўнікоў на найбліжэйшым пасяджэнні ПАРЕ будзе сканцэнтраваная на непрызнанні таго фарсу, які арганізоўвае Лукашэнка і называе выбарамі, неабходнасці вызвалення палітычных зняволеных і прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народу», – адзначае каманда Латушкі.
Сустрэча, як паведамляе каманда Латушкі, прайшла ў сяброўскай атмасферы, бакі дамовіліся працягнуць сустрэчы на сесіі ПАРЕ ў Страсбуры.
Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы і ПАРЕ. Акрамя Беларусі, у Радзе Еўропы з еўрапейскіх краінаў не рэпрэзентаваныя толькі Ватыкан, які мае статус назіральніка; Казахстан, які мае статус кандыдата і невялікую частку тэрыторыі ў Еўропе; і Расея, якая была выключаная за напад на Украіну. Беларусь страціла статус спецыяльнага госця ў ПАРЕ ў 1997 годзе, калі замест разагнанага Лукашэнкам Вярхоўнага Савету ў Беларусі ўтварылася скліканая Лукашэнкам Палата прадстаўнікоў. Першы склад Палаты прадстаўнікоў быў прызначаны без выбараў, усе наступныя выбары не былі прызнаныя заходнімі краінамі свабоднымі і справядлівымі.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года, да збору подпісаў дапусцілі толькі кандыдатаў, якія падтрымліваюць або прынамсі не крытыкуюць Лукашэнку.
Еўрапейскі парламент падкрэсліў, што выбары ў Беларусі ў сённяшніх умовах не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Чэхія і Эстонія заявілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі заклікалі Кангрэс Злучаных Штатаў і кіраўнікі камітэтаў замежных і еўрапейскіх справаў парламентаў Італіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі.
Алесь Наваборскі belsat.eu