навіны

Менская пенсіянерка на патрабаванне махляра выкінула з балкона пакет з 10 тысячамі долараў

Менская пенсіянерка, якая выкінула махлярам 10 тысяч долараў
Менская пенсіянерка, якая выкінула махлярам 10 тысяч долараў. Скрыншот: МВД Беларуси / Telegram
podpis źródła zdjęcia

91-гадовая жанчына ледзь не страціла вялікую суму грошай. Уратавалі камунальнікі, якія схапілі злачынцу.

Belsat
Вы не паверыце, на якую лухту вядуцца беларусы. Яны вераць махлярам і губляюць гіганцкія сумы навіны

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі расказала пра затрыманне махляра, які ўдзельнічаў у выманьванні ў 91-гадовай пенсіянеркі 10 тысяч долараў.


Жанчына зрабілася ахвяраю распаўсюджанай махлярскай схемы, якую называюць «Алё, мама». Пенсіянерка распавяла, што ёй нібыта патэлефанавалі з паліклінікі і сказалі, што ці то дачка, ці то пляменніца трапіла ў аварыю з уласнай віны, тэрмінова патрэбныя грошы.


Пасярэднік не змог трапіць у пад’езд дому на вуліцы Талбухіна, таму папрасіў выкінуць грошы з акна. На гэта звярнулі ўвагу камунальнікі з «Менскіх кабельных сетак». Яны расказалі, што пачулі, як пенсіянерка з балкона спрабуе прыцягнуць чыюсьці ўвагу, на яе з вуліцы глядзіць нейкі мужчына. Пабачылі пакет і западозрылі, што жанчына спрабуе выкінуць грошы. Пачалі распытваць мужчыну, які не змог сказаць, што менавіта ён мусіць забраць. Зразумелі, што гэта кур’ер махляроў, патэлефанавалі ў міліцыю: «Дзівак нейкі ў бабулі пакет з балкона патрабуе скінуць, мы яго трымаем».


Затрыманы быў 24-гадовы мужчына родам з Берасцейскай вобласці, які расказаў, што знайшоў «падпрацоўку» ў мэсэнджары. Маўляў, яму сказалі, што ён будзе кур’ерам для абмену грошай на крыптавалюту. Грошы абяцаюць вярнуць уласніцы.


Падобныя гісторыі ўжо былі ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Аднойчы пенсіянерка з Менску скінула з гаўбца махляру больш як 760 тысяч еўраў.


Міліцыянты заклікаюць адразу спыняць размовы, калі праз тэлефон кажуць, што блізкі чалавек трапіў у аварыю. У такіх выпадках раяць звяртацца ў міліцыю і падкрэсліваюць, што ні ў якім разе не трэба перадаваць незнаёмцам буйныя сумы грошай.


Махляры могуць не толькі казаць пра іншых людзей, але і самі могуць прадстаўляцца сваякамі чалавека. Людзі ў стрэсавай сітуацыі не заўсёды распазнаюць, што заплаканы голас непадобны да голасу іхных блізкіх. Больш за тое, махляры навучыліся выкарыстоўваць штучны інтэлект для падробкі голасу як высокапастаўленых чыноўнікаў, так і звычайных людзей.



Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10