Рэжым Башара аль-Асада паў амаль два тыдні таму. З Сірыі цяпер эвакуююць грамадзянаў Беларусі. Гэтым разам вывезлі 22 чалавек, якія працавалі на Тышрынскай цеплаэлектрастанцыі.
Ананімны Telegram-канал «Глас МИДа», які выконвае функцыі прэс-службы Міністэрства замежных справаў Беларусі, паведаміў 20 снежня пра эвакуацыю з Сірыі 22 чалавек, якія працавалі паводле кантрактаў для абслугоўвання Тышрынскай ЦЭС на поўначы Сірыі.
Гэтыя 22 асобы, паводле МЗС, пакінулі Сірыю і ўжо едуць у Беларусь праз тэрыторыю Расеі. За эвакуацыю падзякавалі замежным партнёрам і консулу ў Ліване.
Паводле МЗС, гэта не першая група эвакуяваных з Сірыі беларусаў, спрыянне эвакуацыі працягнецца. 16 снежня паведамлялі, што працаўнікоў амбасады Беларусі вывезлі ў Менск, амбасадар выехаў «на кансультацыі».
Два дні таму выданне «Zerkalo» паведамляла, што ў адным з гатэляў Дамаску ў чаканні эвакуацыі застаюцца 23 беларусы – мужчыны, якія працавалі ў Дамаску электрыкамі і будаўнікамі. У амбасадзе Беларусі ў Сірыі казалі, што займаюцца іхнай эвакуацыяй.
Рэжым аль-Асадаў, які кіраваў Сірыяй з 1971 года, быў зрынуты 8 снежня 2024-га. Башар аль-Асад уцёк у Расею, уладу захапілі паўстанцы, найбольш актыўнымі з якіх сталася групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам». Яна ўзыходзіць сваімі каранямі да «Аль-Каіды» і была звязаная з «Ісламскай дзяржавай», але заяўляе пра разрыў з тэрарыстамі. Мноства сірыйскіх уцекачоў пачало вяртацца на радзіму.
Алесь Наваборскі belsat.eu