навіны

Вырашэнне эканамічных пытанняў ці адпачынак? Лукашэнка наведаў ААЭ

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам знешняга гандлю ААЭ Тані Бен Ахмедам Аль Заюдзі. Абу-Дабі, ААЭ. 18 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам знешняга гандлю ААЭ Тані Бен Ахмедам Аль Заюдзі. Абу-Дабі, ААЭ. 18 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка працягвае наведваць краіны Блізкага Усходу. Сёння ён сустрэўся з міністрам інвестыцыяў Аб‘яднаных Арабскіх Эміратаў. Якія неадкладныя пытанні маглі выцягнуць палітыка з краіны падчас чарговай выбарчай кампаніі?

Аляксандр Лукашэнка застаецца ў Аб‘яднаных Арабскіх Эміратах ад серады. Ён прыляцеў туды з суседняга Аману з нагоды абмеркавання «за некалькі дзён шэрагу пытанняў адносінаў з інвестарамі, якія працуюць у Беларусі».

На кадрах з сённяшняй сустрэчы, акрамя Лукашэнкі, заўважны ягоны старэйшы сын Віктар.

,,

«Тыя кампаніі арабскія, якія выходзяць з ААЭ на беларускі рынак, могуць кантралявацца сям‘ёй Лукашэнкі. Фактычна гэта рэінвеставанне скрадзеных сродкаў беларусаў у эканоміку Беларусі. Калі мы ў адзін дзень можам прачнуцца і зразумець, што фактычна ўсе гэтыя інвестыцыі з ААЭ, гэта інвестыцыі сям‘і Лукашэнкі», – мяркуе намеснік кіраўніцы АПКБ, кіраўнік НАУ Павел Латушка.


Агулам жа інфармацыі аб праграме візіту ў Аб‘яднаныя Арабскія Эміраты – вобмаль. Як і відэа адтуль.

«Думаю, Лукашэнка туды прыязджае, каб пайсці ў нейкае сховішча, каб пасядзець на слітках вывезенага золата ці паглядзець на рахункі банкаўскія», – разважае дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

На думку ж палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Валера Карбалевіча, Лукашэнка ездзіць у Эміраты на некалькі дзён у адпачынак, але прэс-служба чамусьці называе гэта рабочым візітам, такім, калі сустрэчаў якраз няшмат.

Працоўная сустрэча з міністрам інвестыцый ААЭ, выканаўчым дырэктарам інвестыцыйнага фонду ADQ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі. Абу-Дабі, ААЭ. 19 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by
Працоўная сустрэча з міністрам інвестыцый ААЭ, выканаўчым дырэктарам інвестыцыйнага фонду ADQ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі. Абу-Дабі, ААЭ. 19 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by

Ваяж Лукашэнкі на Блізкі Усход распачаўся яшчэ ў мінулую суботу. Ён узяў сына Віктара і міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова ды вылецеў з Менску ў Аман. З гэтай краінай Беларусь спрабуе наладзіць шчыльныя гандлёвыя сувязі.

,,

«Хутчэй за ўсе візіт звязаны з прыватнымі інтарэсамі сям‘і Лукашэнкі, пасярэдніцкімі схемамі, якія забяспечваюць перапродаж беларускіх тавараў на рынках трэціх краінаў, пры гэтым дэльта ад гэтага перапродажу будзе заставацца ў кішэні сям’і Лукашэнкі», – працягвае Павел Латушка.


Пакуль таваразварот з Аманам выглядае зусім невялікім: сёлета ён складае каля 5 мільёнаў долараў. У Амане нават няма пастаяннай беларускай дыпламатычнай прысутнасці. Але, са слоў Валера Карбалевіча, замежныя візіты павінныя даказаць, што ў Беларусі ёсць замежная палітыка, што Беларусь кантактуе са шмат якімі краінамі глабальнага поўдня, а не толькі расейскімі губернататарамі.

Адметна, што працяглы візіт на Блізкі Усход праходзіць на фоне перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. У аўторак Цэнтрвыбаркам прыняў дакументы на рэгістрацыю Лукашэнкі ў якасці кандыдата на так званых выбарах. Сам працэс галасавання распачнецца крыху больш чым праз месяц. Анатоль Лябедзька называе гэты працэс «Безвыбары 2025»:

«Гэта такі спектакль, дзе Лукашэнка - сцэнарыст, рэжысер, але не актор. Таму актору неабаязкова быць на палітычнай сцэне і прысутнічаць у Беларусі».

Калі менавіта скончыцца візіт Лукашэнкі на Блізкі Усход – незразумела. Як і незразумела, якіх менавіта вынікаў чакаць ад яго беларускай эканоміцы.

Ян Федаровіч, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10