Чатырнаццаць гадоў таму дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў выйшлі на цэнтральныя вуліцы Менску, патрабуючы справядлівага падліку галасоў у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Светлыя абліччы людзей абсалютна рознага веку, спадзеў у іхных вачах, радасць ад таго, колькі аднадумцаў ідзе побач літаральна праз некалькі гадзінаў утапталі амапаўскім ботам у менскі снег.
У Цэнтрвыбаркаме – тады ведамстве Лідзіі Ярмошынай – заявілі: яўка склала больш за 90 %. Альтэрнатыўным кандыдатам намалявалі вынікі ў межах статыстычнай хІбнасці. Аляксандру Лукашэнку ж – амаль 80 %.
Яшчэ да абвяшчэння вынікаў галасавання сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў напалі на калону, якую вёў лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Самога Някляева моцна збілі. Пазней кандыдата на прэзідэнта выкралі проста з лякарні і вывезлі ў СІЗА КДБ.
«Я таксама быў у гэтай групе, было сапраўды страшна. Таму што журналістаў паклалі тварам у снег, нам нешта да патыліцы прыставілі, крычалі не падымаць галаву, выключыць камеру», – узгадвае журналіст Алесь Баразенка.
На самой плошчы Незалежнасці перад Домам ураду сабраліся, паводле розных ацэнак, да 40 тысячаў чалавек.
Адказам на пратэст была брутальная атака сілавікоў. Фармальная нагода разгону – правакацыя з біццём шкла ў дзвярах Дому ўраду.
,,«Я, калі там пачаўся ўвесь гэты замес, стала маліцца ўслых. Яны крычалі мне: вар‘ятка! Пасля так узялі мяне за ручкі і ў гэтыя елачкі кінулі, але не забралі тады. Упершыню я тады на наступны дзень прачнулася з такім адчуваннем 37-года. Калі ты не ведаеш прыдуць за табой ці не прыдуць», – распавядае арганізатарка вандровак і даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыя Чарнаморцава.
Падчас аблавы затрымалі калі 800 чалавек, у тым ліку журналістаў.
«Мне аднаму з нешматлікіх удалося застацца на плошчы Незалежнасці перад Домам ураду ўжо пасля поўнай зачысткі гэтай плошчы. Мне ўдалося зняць абсалютна пустую плошчу, дзе не было ні рыдлёвак, ні сякераў. А пасля прыехалі КДБшнікі і БТшнікі і ўсё гэта прафесійна раскідалі па плошчы», – працягвае Баразенка.
Затрымалі і ўсіх незалежных кандыдатаў. Рэжым завёў больш за паўсотні крымінальных справаў.

Рэпрэсіі моцна ўдарылі па дачыненнях Беларусі з Захадам. Уведзеныя санкцыі заходнія краіны пачалі здымаць толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Апошнім на волю ў 2015 годзе выйшаў Мікалай Статкевіч.
Сярод прычынаў, чаму Плошча-2010 не дасягнула сваіх мэтаў, аналітыкі называюць адсутнасць у дэмакратычных кандыдатаў адзінага сцэнара пратэстаў, непадрыхтаванасць да працяглага адстойвання сваіх галасоў ды нават снежаньскія маразы. Апроч таго:
«Я як кандыдат у прэзідэнты, калі сустракаўся з людзьмі ў рэгіёнах, бачыў, што людзі баяцца. Людзі не гатовыя былі бараніць свабоду, не гатовыя былі бараніць дэмакратыю ў Беларусі, яны прыходзілі на нашыя сустрэчы, таму што проста рэжым паказаў, што ім нічога за гэта не будзе», – кажа Віталь Рымашэўскі.
Тым не менш падзеі 14-гадовай даўніны паспрыялі выспяванню беларускай грамадзянскай супольнасці.
,,«Калі і быў плён ад 2010-га, то ў асноўным у тых беларусах, якія пасля плошчы вярнуліся. Я ведаю сотні такіх людзей. Пасля жорсткага разгону, пасля збіцця, пасля содняў яны вярнуліся і ўступілі ў шэраг грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў. Гэтыя людзі, безумоўна, я перакананы, зрабілі шмат для таго, каб адыўся 2020 год», – працягвае Рымашэўскі.
Сапраўды, 9 жніўня 2020 года рэжым паспрабаваў паўтарыць сцэнар Плошчы-2010 – скончыць усё адным брутальным разгонам. Аднак сутыкнуўся ўжо з зусім іншымі беларусамі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Уладзіслаў Корсак, «Белсат»