навіны

Збярог Расею, адвёў ад краю прорвы. Што казаў Пуцін на прамой лініі

Уладзімір Пуцін на прамой лініі
Уладзімір Пуцін на прамой лініі. Масква, Расея. 19 снежня 2024 года. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Пуцін 19 снежня правёў ужо 21-ую прамую лінію, у якой абяцаў падвесці вынікі года. «Белсат» пераказвае, што Пуцін заявіў пра вайну ва Украіне.

Блогер Улад Бумага. Скрын відэа з канференцыі Пуціна

Беларускі блогер Улад Бумага прыйшоў з пытаннем да Пуціна

навіны

Уладзімір Пуцін адказваў на пытанні чатыры з паловай гадзіны. Відэа і тэкст прамой лініі апублікавалі на сайце Крамля.


Сярод іншага Пуцін казаў, што цяперашняя інфляцыя – «трывожны сігнал», але «агулам сітуацыя стабільная». Нараджальнасць знізілася, колькасць жанчын у дзетародным узросце ўпала на 30 %: «дзяўчаткі патрэбныя, дзяўчаты», казаў Пуцін. З іпатэкай ёсць праблемы, але «мы навядзём парадак». З сірыйскім дыктатарам Башарам аль-Асадам, які ўцёк у Маскву, Пуцін нібыта яшчэ не бачыўся, але плануе, хоць падтрымлівае тых, хто цяпер кантралюе тэрыторыю Сірыі. Абранаму прэзідэнту Злучаных Штатаў Доналду Трампу «можна прапанаваць» сустрэцца. Брак фізраствору ў рэгіёнах Расеі выкліканы тым, што міністэрствы несвоечасова прынялі рашэнні пра цэны на пакунак, але рашэнні ўжо прынятыя. Хаваць цела Уладзіміра Леніна, выстаўленае ў маўзалеі ў цэнтры Масквы, яшчэ не варта, бо гэта можа «раскалоць грамадства». І гэтак далей.


Шэраг пытанняў быў звязаны з расейскай агрэсіяй супраць Украіны, якую ўлады Расеі называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». Гэтак, Пуцін паабяцаў, што ўкраінскія войскі абавязкова выб’юць з Курскай вобласці, але даты назваць не змог і сэнсу ўкраінскага наступу на расейскую тэрыторыю не зразумеў. Заявіў, што Расейскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату ва Украіне забаранілі «бязбожнікі, этнічныя габрэі» (хто менавіта, Пуцін не сказаў).


Наконт новай расейскай ракеты «Орешник» Пуцін хваліўся: хай амерыканцы дадуць Украіне сучасную сістэму супрацьракетнай абароны THAAD, а «нашыя хлопцы» ва Украіне падкажуць Расеі, якія ёсць «карысныя развязанні». Маўляў, ва Украіне шмат «нашых хлопцаў, якія мараць пра тое, каб пазбавіць краіну ад неанацысцкага рэжыму».

,,

«Хай вызначаць нейкі аб'ект для паражэння, скажам, у Кіеве, засяродзяць там усе свае сілы СПА і СРА, а мы нанясём туды ўдар „Орешником“ і паглядзім, што будзе», – хваліўся Пуцін.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2024 года. Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Зяленскі ўпершыню дапусціў ахвяраванне тэрыторыямі дзеля спынення гарачай фазы вайны

навіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неўзабаве адрэагаваў на гэтую ідэю Пуціна: «Вы бачыце, з кім мы маем справу? Вы лічыце, што гэта адэкватны чалавек? Проста адмарозкі».


Пуцін заявіў, што Расея гатовая да перамоваў з Украінай без папярэдніх умоваў, але на базе стамбульскіх дамоўленасцяў. Маўляў, гэта ўкраінскі бок не гатовы да перамоваў і кампрамісаў. Пуцін зноў заявіў, што Расея і Украіна дасягнулі дамоўленасці ў Стамбуле ў 2022 годзе, а дамову сарваў нібыта тагачасны прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Борыс Джонсан (такую версію Пуцін выказваў і раней). 


Ад ідэі спынення агню Пуцін адмовіўся, бо цяпер «нашая армія ідзе наперад», а калі спыніць агонь хоць на тыдзень, гэта дасць украінскім войскам замацавацца на пазіцыях, адпачыць, атрымаць боепрыпасы. Расеі патрэбны мір і гарантыі бяспекі, але як іх забяспечыць, Пуцін не ведае: «Можна пашукаць».


Сваё рашэнне напасці на Украіну Пуцін лічыць правільным: кажа, шкадуе толькі, што не распачалі «аперацыі» раней і слаба падрыхтаваліся. Пасля нападу на Украіну Пуцін «пачаў менш жартаваць і амаль перастаў смяяцца», бо вайна сталася «сур’ёзным выпрабаваннем» для Расеі.


Пуцін лічыць, што «збярог краіну» і зрабіў нават больш: 

,,

«Я лічу, што не проста збярог, я лічу, што мы адышлі ад краю прорвы, – сказаў Пуцін пра Расею. – Таму што ўсё, што адбывалася з Расеяй да гэтага і пасля, вяло нас да поўнай, фактычна татальнай страты нашага суверэнітэту, а без суверэнітэту Расея існаваць як самастойная дзяржава не можа».


На думку Пуціна, ён зрабіў усё, каб Расея была здольная «прымаць рашэнні ў сваіх інтарэсах».


***

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі атрад паветранай абароны. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

1000 дзён поўнамаштабнай вайны ва Украіне: вынікі для Расеі і Украіны ды што будзе далей

Аналітыка

Напад Расеі на Украіну трывае больш за 10 гадоў, поўнамаштабная вайна ва Украіне – больш за 1000 дзён. З пачатку поўнамаштабнай вайны Расея страціла забітымі ніяк не менш за 82 тысячы чалавек – столькі загінулых журналісты ведаюць пайменна. Паводле ўскосных звестак, загінулі не менш за 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны ацэньвае расейскія страты забітымі і цяжка параненымі як 768 тысяч чалавек. Расеі ўдалося цалкам акупаваць Крым яшчэ ў 2014 годзе, але чатырох вобласцяў Украіны, якія Расея фармальна анексавала ў 2022 годзе, яна ўсё яшчэ не кантралюе цалкам. Мэты нападу Пуцін фармулюе як «дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя і абарона мірнага насельніцтва Данбасу ад генацыду», але што значаць для яго гэтыя словы, ён не тлумачыць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10