навіны

Варшаўская прастора «Робім разам» падала апеляцыю на рашэнне аб высяленні

Вадзім Дзмітронак (злева) і Сяргей Бульба (справа) на прэс-канферэнцыі ў прасторы «Робім разам»
Вадзім Дзмітронак (злева) і Сяргей Бульба (справа) на прэс-канферэнцыі ў прасторы «Робім разам». Варшава, Польшча. 19 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Спрэчкі вакол памяшкання на варшаўскім пляцы Канстытуцыі не заканчваюцца. Дамова арэнды з хабам «Робім разам» скончылася, новай не заключаюць, а кіраўнік хабу хоча дамагчыся сустрэчы з уладамі Варшавы.

Belsat

Пра Ціханоўскага, Калеснікаву і скандал у Моладзевым хабе – на паліграфе Бульба

Belsat.eu

Кіраўнік варшаўскай прасторы «Робім разам» Сяргей Бульба сабраў 19 снежня прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра сваю працу і лёс колішняга памяшкання Беларускага моладзевага хабу на плошчы Канстытуцыі. Прэс-канферэнцыю транслявалі на YouTube.


Беларускі моладзевы хаб аказаўся ў цэнтры скандалу ў жніўні летась. Тады ўстанову ўзначаліў Сяргей Бульба, які заяўляў, што змена кіраўніцтва адбылася цалкам законна. Алесь Лапко, які кіраваў хабам раней, называў тыя падзеі рэйдарскім захопам.


Пазней на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве паўстала прастора «Робім разам» пад кіраўніцтвам Бульбы. Лапко заснаваў новую юрыдычную асобу, «Belarusian Youth Hub», і стары-новы Беларускі моладзевы хаб пераехаў на вуліцу Дажынковую ў варшаўскім раёне Макотаў (Mokotów). Ініцыятыва «Робім разам» зарэгістравала таварыства пад старою назваю – «Białoruski Młodzieżowy Hub». Бульба вінаваціў Лапка ў выкраданні грошай, паліцыя ў жніўні 2023 года пачала правяранне, пра выяўленне злачынстваў не паведамлялі і, паводле Бульбы, абмежаваліся фармальным адказам, што «не знайшлі» Лапка. Паводле Бульбы, ён падаў таксама заяву ў пракуратуру, а гарадскія ўлады не адрэагавалі на два запыты аўдыту ранейшай дзейнасці хабу. 


Цяпер улады Варшавы не хочуць падпісваць новую дамову аб арэндзе памяшкання на плошчы Канстытуцыі. «Робім разам» прапаноўвалі выселіцца добраахвотна, у выпадку адмовы абяцалі дамагацца вызвалення памяшкання праз суд. Як паведаміў Reform.news прадстаўнік варшаўскага цэнтральнага раёну Сьрудмесьце (Śródmieście), перамовы аб памяшканні могуць пачацца толькі пры ўмове, што «Робім разам» гэтае памяшканне пакіне.


Чым цяпер займаецца «Робім разам»


Сяргей Бульба расказаў, што супольнасць вакол прасторы «Робім разам» займаецца вызваленнем палітычных вязняў. Вадзім Дзмітронак расказаў у прыватнасці пра ініцыятыву «Ультыматум для Лукашэнкі», якая праводзіла акцыі каля амбасадаў і польскіх дзяржаўных структураў, перадавала лісты і звароты беларусаў. Бульба расказаў, што марыць на базе прасторы стварыць «інстытут рыхтавання менеджарскіх кадраў». Бліжэйшым часам плануе зрабіць рэгулярныя – прынамсі штомесячныя – грамадска-палітычныя абмеркаванні.


У раскладзе «Робім разам» на гэты тыдзень – юрыдычная дапамога ў легалізацыі ў Польшчы, брэйк-данс і аштанга-ёга, клуб «Пяшчота» і жаночы клуб, курсы польскай мовы, англійскі і польскі размоўныя клубы, выстава «Беларусь. Падляшша. Праваслаўе» і гукатэрапія з тыбецкімі чарамі, канцэрт праекту «Tutejsi». У прасторы таксама трывае мастацкая выстава, рэпетуюць мэтал-гурт «Znich» і Музычны рух. 

Продаж беларускіх сувеніраў у прасторы «Робім разам». Варшава, Польшча. 19 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Продаж беларускіх сувеніраў у прасторы «Робім разам». Варшава, Польшча. 19 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Што з памяшканнем

Сяргей Бульба згадаў, што яго ў хаб запрасілі як антыкрызіснага менеджара, бо мінулае кіраўніцтва Беларускага моладзевага хабу не ўмела карыстацца грашыма. Ён падкрэсліў, што былы склад наглядальнай рады падаў у адстаўку, а «моладзевы хаб» – адзіны, на плошчы Канстытуцыі. 

На памяшканне заключылі дамову на 2021–24 гады, тэрмін арэнды ўжо скончыўся. Паводле Бульбы, дамову арэнды не працягваюць праз скаргі «апанентаў» і правярання паводле гэтых скаргаў (прастору нават наведвала паліцыя), а таксама «асабістыя сувязі» гэтых «апанентаў» і «людзей, якія працуюць на Лапка» з кіроўнымі органамі Варшавы. Ды Бульба заявіў, што ў дэпартаменце нерухомасці Варшавы, насуперак паведамленню Reform.news, не патрабуюць вызваліць памяшкання, «пытанне так не стаіць».

Цяпер «Робім разам» падало апеляцыю на рашэнне, якое прывяло да непрацягу дамовы, і пакуль трывае разгляд апеляцыі, памяшканне можна займаць, кажа Бульба. Акрамя таго, супольнасць вакол прасторы просіць асабістай сустрэчы з кіраўніцтвам гарадскіх уладаў Варшавы. 

Бульба таксама наракаў, што штаб Святланы Ціханоўскай і праваабаронца Аляксей Лявончык нібыта заблакаваў для прасторы «Робім разам» магчымасць атрымання замежных грантаў, і вінаваціў Ціханоўскую ды Лявончыка ў марнаванні гратнавых грошай, «пілаванні 170 мільёнаў». Прастора абвяшчала збор сродкаў на пакрыццё арэнды, на момант публікацыі сабралі 1320 злотых з запытаных 27,6 тысячы. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10