Шуфлядка

Што пакласці пад ялінку? Шукаем падарункі з беларускім вайбам

Падарунак
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: shafa-minsk.by
podpis źródła zdjęcia

Адна з няпростых, але адначасова прыемных задач у святочны перыяд – падарункі. Як павіншаваць сваякоў, сяброў, калег не толькі прыгожа, але і з беларускім каларытам? Сабралі для вас некалькі ідэяў арыгінальных падарункаў, якія не толькі парадуюць тых, хто іх атрымае, але і дапамогуць падтрымаць беларускіх творцаў.

Цмокі з беларускіх легенд


Класіка падарункаў – сувенір. Каб ён сапраўды парадаваў, а не проста збіраў пыль на паліцы, абярыце такі, які будзе мець нейкую функцыю, упрыгожыць дом, стане часткай інтэр’еру, дадасць у яго нотку беларускасці. Таксама ўзгадайце, чым цікавіцца чалавек, якому вы робіце падарунак, якія ў яго хобі. Магчыма, ён штосьці збірае (мо, лялек, напрыклад, ці прыгожыя кубачкі, ці што заўгодна яшчэ), і вы зможаце папоўніць ягоную калекцыю.


Хатні дэкор, аўтарскія лялькі, цмокаў з беларускіх легенд ды агулам – калядныя падарункі з народнай душой абяцае, напрыклад, @mamaruza. Майстрыха працуе ў Беларусі, рэгулярна прадае свае вырабы на кірмашах, а таксама праводзіць воркшопы па вырабе беларускіх сувеніраў. Усе дэталі – на ейнай старонцы.



Навагоднія інтэр'ерныя лялькі, упрыгожванні на ялінку, а таксама стылёвы льняны тэкстыль для дому прапаноўвае беларускі брэнд AniseniaShop, які працуе ў Польшчы.


Торбачкі для тэлефону з беларускім арнаментам. Крыніца: perets_sews / Instagram
Торбачкі для тэлефону з беларускім арнаментам. Крыніца: perets_sews / Instagram

Таксама ў Польшчы беларуска вырабляе шыкоўныя льняныя рэчы з беларускім арнаментам – рушнікі, гальштукі і матылькі, торбачкі для тэлефону, прыхваткі на кухню. Паглядзець і замовіць вырабы можна ў Інстаграме: @perets_sews.


Упрыгожванні


Падарунак, які заўсёды з яго ўласнікам – пярсцёнак, каралі, бранзалет, завушніцы, брошкі.


Вытанчаныя і непаўторныя ўпрыгожванні з дрэва робіць PAWA. Дастаўка магчымая па ўсім свеце, у тым ліку – у Беларусі.

Завушніцы ў выглядзе беларускай літары Ў. Крыніца: PAWA / Instagram
Завушніцы ў выглядзе беларускай літары Ў. Крыніца: PAWA / Instagram

Калі казаць пра ўпрыгожванні, то гэта, канешне ж, Belaruskicry. Акрамя ўласна продажу ювелірных вырабаў, нядаўна брэнд ладзіў майстар-клас, на якім удзельнікі маглі самі зрабіць сабе ўпрыгожванне. Магчыма, такія воркшопы будуць паўтарацца – гэта дакладна стане незабыўным падарункам.

Вырабы з беларускімі травамі і кветкамі. Крыніца: bioevgenika / Instagram
Вырабы з беларускімі травамі і кветкамі. Крыніца: bioevgenika / Instagram

Прыгажэнныя рэчы робіць @bioevgenika – упрыгожванні, створаныя рукамі біёлагаў з сапраўднымі кветкамі і раслінамі беларускай зямлі.


Падарыць утульнасць


Свечы – папулярны і бяспройгрышны варыянт для падарунка. Яны ствараюць утульнасць удома, а араматызаваныя могуць выкарыстоўвацца для тэрапіі пахамі: пагадзіцеся, такі рэлакс – тое, што трэба напрыканцы няпростага года?


Соевыя свечы з беларускім каларытам, у прыгожым афармленні і з арыгінальным подпісамі робіць брэнд Čarnuška.




З клопатам пра цела...


Мы раім дарыць не мас-маркет, які можна набыць у бліжэйшай краме, а натуральныя вырабы, што будуць карыснымі для скуры і парадуюць прыемным пахам. Гэта можа быць, напрыклад, крэм, мыла ручной працы, бомбачкі і солі для ванны. Такім падарункам чалавек будзе карыстацца ў прыемныя хвіліны адпачынку, і згадваць вас.


Крэмы-мусы ручной працы з каштоўнымі алеямі з усяго свету прапаноўвае @happy.skin.by. Абяцаюць, што прадукцыя падыходзіць для любых тыпаў скуры. Творцы працуюць у Беларусі.


... і пра душу


Напэўна, вы чулі, што кніга – лепшы падарунак. І мы цалкам згодныя, асабліва, калі гэта – беларуская кніга.


Акурат да Калядаў і Новага году «Кніжны вырай» выдаў па-беларуску кнігу коміксаў Жазэфіны Марк «Трымайся, трусік!». Гэта гісторыя пра Ваўка, які прыходзіць у лясную лякарню, а там паляўнічыя. І ратавацца ваўку выпадае з маленькім трусікам, які вельмі-вельмі хворы. І ў іх пачынаюцца прыгоды – вельмі-вельмі вострасюжэтныя. Можна сказаць, гэта блакбастар у лесе.


,,

«Гэта не проста комікс, а тэрапеўтычная гісторыя пра жыццё з хваробай. Комікс будзе цікавы перадусім падлеткам, але мы ўпэўненыя, што дарослыя таксама прачытаюць яго з задавальненнем », – абяцаюць выдаўцы.


Пераклад Вольгі Гронскай.


Цяпер «Кніжны вырай» ладзіць калядную разыгранку. Пад допісам трэба адзначыць людзей, якім, на вашую думку, вельмі патрэбны гэты комікс. Пераможца будзе абраны 22 снежня.


А яшчэ кожны ўдзельнік разыгранкі атрымае зніжку на кнігу. Купіць яе можна ў Польшчы і Літве. Каб набыць у Беларусі, трэба напісаць выдавецтву.


Родная мова на кожны дзень


Каляндар «Лёгкая мова» на 2025 год. Фота: bakhuny.by
Каляндар «Лёгкая мова» на 2025 год. Фота: bakhuny.by

Хочаце, каб ваш сябар яшчэ лепш ведаў беларускую мову? Падарыце перакідны каляндар «Лёгкая мова» з беларускім словам на кожны дзень 2025 года можна замовіць на bakhuny.by.


«На кожнай старонцы – яскравая карцінка, словы на беларускай мове і прыклад ужывання з мастацкай літаратуры. Каляндарык можна паставіць на стол ці павесіць на сцяну. Кожны каляндар ідзе ў падарункавай скрынцы. У камплекце – два магніцікі для мацавання ўпадабаных старонак на лядоўню», – распавядаюць аўтары.


Выдаўцы працуюць у Беларусі, але дастаўка магчымая па ўсім свеце.


Зрабі сам


Набор DIY (зрабі сам) у падарунак – гэта рэч, якая будзе зроблена сваімі рукамі. Гэта ідэя, як заняць час – самому ці з сям’ёй. А таксама – гэта новы навык, што адназначна цікавей, чым звычайны сувенір на паліцы.

Набор для вырабу выцінанкі «Раство». Крыніца: Bakhuny.by
Набор для вырабу выцінанкі «Раство». Крыніца: Bakhuny.by

Bakhuny.by прапаноўваюць набор для выцінанкі «Раство». Вельмі актуальны падарунак, улічваючы, што беларуская выцінанка нядаўна была ўнесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО.


У наборы – 23 выцінанкі памерам 210х210 мм. Для кожнай маецца ўнікальны QR-код для відэа-дапамогі па вырабе.


«Зроблена з любоўю да Беларусі!», – зазначаюць вытворцы.


Яшчэ адна прапанова гэтых жа аўтараў – 3D-канструктар у выглядзе аднаго з найвядомейшых беларускіх замкаў – Мірскага. Такі канструктар будзе цікавы не толькі дзецям, але і дарослым, а таксама стане добрым падарункам замежнікам.


Гатовы макет замку мае памеры 28 на 28 см. Для зборкі не патрэбныя нажніцы і клей. У камплектацыі: падарункавая скрыня, лісты з элементамі (9 штук), схема зборкі, брашура «Мірскі замак» на беларускай і англійскай мовах.

«Павучы бокс». Фота: kanva_kasciume / Instagram
«Павучы бокс». Фота: kanva_kasciume / Instagram

“Павучы бокс” – беларускае традыцйнае «лега» ад KANVA, якое дазволіць вам стварыць саламяны абярэг ўласнаруч.

Маецца 2 варыянты набораў: рамбічны – у жоўтай скрынцы, складаецца з шасці рамбавідных модуляў, якія аб’ядноўваюцца ў адзін вялікі аб’ёмны ромб. Кожная саломінка ў гэтым павуку мае даўжыню 10 сантыметраў; пацярычны – у чырвонай скрынцы, складаецца з аднаго вялікага модулю, саломінкі якога маюць даўжыню 20 см і пяці маленькіх элементаў даўжынёй саломінак па 10 см, якія вольна падвязваюцца да асноўнага ромбу.

У камплектацыі: іголка і нажнічкі, ніткі для пляцення, свечка для атмасферы, папяровая і відэа-інструкцыя, паштоўка-прывітаннне, QR-код на адпаведны плэйліст.

Гарлячка. Фота: proektetika.com
Гарлячка. Фота: proektetika.com

Набор па пляценні неглюбскай гарлячкі таксама стане небанальным падарункам з беларускім вайбам. Ён складаецца з усіх неабходных матэрыялаў (пацеркі, ніткі, іголкі) і падрабязных тэкставай і відэа інструкцыяў, дзякуючы якім можна самастойна сплесці традыцыйнае Беларускае ўпрыгожванне – Неглюбскую гарлячку.


Паштоўкі

Калядная паштоўка. Крыніца: bakhuny.by
Калядная паштоўка. Крыніца: bakhuny.by

Самы просты спосаб павіншаваць і паказаць, што вы памятаеце пра чалавека – даслаць яму паштоўку. Асабліва каштоўным будзе, калі вы абярэце картку на роднай мове і з беларускімі традыцыйнымі матывамі. Добры выбар паштовак на сайце bakhuny.by.


Падарункі для ялінкі


Гэта, напэўна, самы калядны і навагодні падарунак. Дарыце такія цацкі, якія не надакучаць, з якасных матэрыялаў, што будуць нагадваць пра вас кожны новы год, а пасля святаў – будуць пяшчотна складацца ў скрыню і захоўвацца да наступных святаў.


«Кніжная шафа» у калабарацыі з майстрыхай з Беларусі Елізаветай, якая робіць рэчы з эпаксіднай смалы, прапаноўвае цацкі на ялінку з лімітаванай калекцыі «Гары Потэр». Цацкі можна набыць у камплекце з кнігай «Гары Потэр і Таемная зала» на беларускай мове – да канца снежня на яе зніжкі. Дастаўка магчымая па ўсім свеце.

Елачныя цацкі з саломы. Фота: kanva_kasciume / Instagram
Елачныя цацкі з саломы. Фота: kanva_kasciume / Instagram

Беларускія майстр са студыі kanva_kasciume прапаноўваюць цацкі на ялінку з саломы. Можна замовіць наборы на 5, 3 і 1 цацку. Яны будуць прыгожа аформленыя ў выглядзе падарунку.



Таксама можна набыць сэт «традыцыйных беларускіх раствяных прыкрасаў, якія ідэальна дапоўняць ялінку, вянок альбо святочны букет». На выбар: бокс з пяццю сняжынкамі-зорачкамі, бокс з традыцыйным саламяным канём, бокс з трыма традыцыйнымі прыкрасамі: конь, лапаць і жбан.


Елачныя цацкі з ваты. Фота: KARNEYENKA TOYS / Instagram
Елачныя цацкі з ваты. Фота: KARNEYENKA TOYS / Instagram

Яшчэ адна рамесніца з Беларусі Марыя Карнеенка, якая цяпер жыве ў Польшчы, робіць унікальныя і неверагодна прыгожыя елачныя цацкі з ваты пад брэндам KARNEYENKA TOYS.

Елачная цацка з ваты. Фота: KARNEYENKA TOYS / Instagram
Елачная цацка з ваты. Фота: KARNEYENKA TOYS / Instagram

«Карані ватных цацак сыходзяць у XIX стагоддзе, калі ў Нямеччыне ручная праца і ўпрыгожванні для ялінкі сталі важнай часткай святочнай атмасферы. З цягам часу традыцыя вырабу цацак з ваты стала неад’емнай часткай навагодняга настрою ва ўсім свеце. Сёння гэтыя цацкі застаюцца папулярнымі элементамі дэкору, захоўваюць свой непаўторны шарм і прыгажосць», – распавядае майстрыха.

Елачныя цацкі ў выглядзе мухамораў. Фота: MuhomoriKa / Instagram
Елачныя цацкі ў выглядзе мухамораў. Фота: MuhomoriKa / Instagram

Яшчэ адна арыгінальная ідэя – елачныя цацкі ў выглядзе мухамораў. Іх можна набыць у MuhomoriKa • accessories&decor – беларускіх майстроў, якія цяпер працуюць у Польшчы.


Дарыце не рэчы, а ўражанні


Цяпер шмат кажуць, што дарыць лепш не рэчы, а ўражанні. Слушная думка асабліва ў нашыя часы, калі даводзіцца часта пераязджаць. Сур'ёзнай праблемай становіцца перавозка менавіта такіх рэчаў – сувеніраў, кніг, дэталяў інтэр'еру, якія дарагія сэрцу, але, тым не менш, не з’яўляюцца рэчамі першай неабходнасці. А ўражанні, успаміны і фотаздымкі ў тэлефоне ці воблацы – заўсёды з табой, каб іх забраць і захаваць, не патрэбныя вялікія валізкі. 


Падарыць уражанні можа што заўгодна – экскурсія, паход у музей ці на канцэрт, паездка ў цікавае месца, ды проста шпацыр па ўлюбёных мясцінах блізкага чалавека.


А яшчэ гэта можа быць майстар-клас, навучальны курс – такі падарунак пакіне яшчэ і новыя ўменні, што таксама вельмі карысна ў сучасным свеце.


У якасці падарунка можна набыць, напрыклад, майстар-клас па кераміцы ў студыі «Спеў зямлі» у Варшаве. Яны цяпер як раз зладзілі продаж падарункавых сертыфікатаў. Такі сертыфікат дае права выбраць у межах сумы любы воркшоп па лепцы, курс керамікі, занятак па выяўленчым мастацтве ці керамічны выраб.


Гаспадары студыі вельмі прыгожа апісваюць, чаму такі сертыфікат – гэта вельмі добры падарунак:

,,

«Такі сертыфікат – гэта не проста матэрыяльны падарунак, гэта крок да стварэння нечага ўнікальнага. Гэта спосаб даць магчымасць блізкаму чалавеку адчуць магію працэсу, знайсці натхненне ці пачаць свой шлях у рамястве».


Падарыць незабыўныя святочныя ўражанні дзецям і дарослым можна запрашэннем на Калядную батлейку з Маляванычам. Яна пройдзе 26 снежня а 17-й гадзіне ў «Прасторы» па адрасе: Hoża 41 lok 2, Варшава. Узроставае абмежаванне: 5+.



Калі вы хочаце зрабіць некаму такі падарунак, памятайце, што арганізатары просяць загадзя рэгістравацца. Кошт: данат 50 злотых.


У праграме: гульні і загадкі для дзяцей і дарослых, настольныя казкі: «Пэпі Доўгая Панчоха», «Мама Му», «Як Вожык і мядзьведзік сустракалі Новы год», казачная батлейка «Цар Ірад», расповед пра беларускую батлейку.


Небанальным і незабыўным падарункам на Каляды ды Новы год для тых, хто ў Беларусі, можа стаць прыгодніцкі экалагічны тур «Дарогай веліканаў», які нядаўна распрацаваў Прыпяцкі нацыянальны парк.


Турыстам прапануюць адправіцца ў «палескія джунглі сцежкамі зуброў». Прафесійны гід, які будзе суправаджаць групу, навучыць высочваць і адрозніваць сляды розных звяроў, раскажа пра таямніцы і звычкі магутных волатаў-зуброў, а таксама пра культурныя традыцыі Палесся. Калі пашанцуе, можна будзе ўбачыць і саміх зуброў. У нацпарку запэўніваюць, што верагоднасць сустрэчы высокая.


Падарожжа пачынаецца на досвітку, а 8:00, месца старту – у 10 кіламетрах ад Турава. Дабрацца да места старту ад Турава прапаноўваюць на сваім асабістым аўто. Доўжыцца экскурсія чатыры гадзіны.


Бліжэйшыя даты туру: 21, 22, 25, 28, 29 снежня або любая іншая дата па ўзгадненні.


Запісацца на экскурсію можна праз Інстаграм.


Салодкія падарункі


Такі падарунак можна зрабіць сваімі рукамі. Але калі кулінарыя і выпечка – не вашая стыхія, можна замовіць гатовыя вырабы ў беларускіх майстроў. Напрыклад, @say.macaron і @corny_chleb падрыхтавалі адмысловыя салодкія наборы на святочны стол.

Салодкі падарунак ад @say.macaron і @corny_chleb. Фота: corny_chleb / Instagram
Салодкі падарунак ад @say.macaron і @corny_chleb. Фота: corny_chleb / Instagram

У каробцы: штолен 600 – 700 г, салёная карамель 200 г, дубайскі шакалад міні 3 шт., каляднае печыва 8 шт. (імбірнае з апельсінам, журавіны з белым шакаладам, фісташкі, шакалад-лотус). Прапанова абмежаваная.


21 і 22 снежня ў Варшаве пройдзе Калядны Арт Маркет Craft Hand Lab (адрас: Nowy Świat 27a), на якім будзе прадстаўлена шмат працаў беларускіх рамеснікаў. Там вы дакладна знойдзеце падарункі на любы густ, таму раім не прапусціь імпрэзу, калі вы ў Варшаве. Па спасылцы можна паглядзець, якія менавіта тавары будуць на кірмашы.


Нашая падборка – гэта толькі кароткі спіс прыкладных ідэяў для падарункаў, якімі вы можаце скарыстацца ці ўзяць як прыклад для натхнення. Памятайце, што галоўнае ў падарунку – не сама рэч, упакаваная ў прыгожую каробку, а вашыя ўвага, памяць і любоў. Калі вы дорыце найперш іх, то радасць ад падарунка будзе гарантаваная!


Віншуем вас з надыходзячымі святамі і зычым вам толькі прыемных сюрпрызаў і здзяйснення мараў!


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10