Палітычных уцёкаў менш, але больш – эканамічных. З Беларусі выязджаюць тыя, хто ўмее і маглі б развіваць айчынную эканоміку. «Кіберпартызаны» апублікавалі звесткі Белстату, з якіх вынікае, што сотні тысяч беларусаў выехалі за мяжу ў апошнія пяць гадоў. Гэтымі звесткамі абменьваюцца чыноўнікі. Для публічнасці яны сакрэтныя.
Толькі цягам 2020–2021 гадоў эканоміка страціла Br 235 тыс. працаўнікоў. Такая неафіцыйная статыстыка Белстату. Кіберпартызаны апублікавалі звесткі, здабытыя праз свае крыніцы.
На 35 % цягам 5 гадоў (2019–2023) знізілася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых, вынікае з апублікаваных «Кіберпартызанамі» звестак Інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Перадусім памяншаецца колькасць самых ІП.
,,«Пачаўся моцны ціск, у першую чаргу праз змену падатковых умоваў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Па-другое, сёлета былі прынятыя рашэнні, якія цалкам забараняюць дзейнасць ІП у асобных сектарах. Таму тое, што скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў будзе амаль у палову (а я нагадаю, што статыстычна максімальная лічба была 274 тыс. ІП), то бок потым застанецца крыху болей, чым сто. Але гэта будзе такі павольны рух», – кажа бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч.
Калі ўзяць больш вузкі перыяд –16 месяцаў, то, пачынаючы ад 01.01.2021 г., колькасць фізічных асобаў, што рэгістравалі бізнес, вырасла на 5 %. Колькасць юрыдычных асобаў упала на 2,5 % ці на 100 тыс.
У наступныя гады (студзень 2023 – травень 2024) запыт на працаўладкаванне знізіўся на 63 тыс.
Цягам 26-ці гадоў эканоміка Беларусі страціла мільён працоўных. Траціну з іх – у апошнія 5 гадоў. Аляксандр Лукашэнка загадвае спыніць імклівы адток кадраў, але як гэта зрабіць?
,,«Трэба спыніць удзел Беларусі ў вайне. Трэба спыніць рэпрэсіі. Трэба праводзіць эканамічныя рэформы. Бо не гледзячы на тое, што ў гэтым годзе ў нас усё ж быў такі адметны эканамічны рост, калі мы паглядзім на перспектыву 10 гадоў, то эканоміка Беларусі стаіць. Нашыя суседзі – Літва, Латвія і Польшча – выраслі на 35–40 %», - кажа Аляксандр Кныровіч.
Другая праблема - выезд працоўных з рэгіёнаў. Напрыклад, з такога райцэнтру, як Жабінка, дзе пражывае каля 10 тысячаў занятых у эканоміцы (не ўлічваем пенсіянераў і дзяцей), што год выязжае 300–400 працоўных.
Трэцяя праблема - нізкая нараджальнасць, а чацвёртую агучыў назначаны Лукашэнкам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на прыкладзе інжынернай спецыяльнасці:
«У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічылі 16 тыс. абітурыентаў. А ў год іх выпуску з ВНУ – у 2027 годзе – замова (дзяржавы) складае ўжо 21 тыс. чалавек».
Рэальны сектар можа недаатрымаць 5 тыс. інжынераў. Яшчэ больш не стае дактароў і медычнага персаналу, выхавальніц, кіроўцаў, слесараў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Юлія Цяльпук, «Белсат»