Ухвалены бюджэт краіны чыноўнікі наўзахваткі называюць сацыяльнаарыентаваным і падкрэсліваюць рост выдаткаў на ахову здароўя, адукацыю і пенсіі, але маўчаць пра тое, што больш грошай атрымаюць і сілавікі ды фонд Лукашэнкі. Пры гэтым з планаў уладаў вынікае, што, напрыклад, запаволіцца рост заробкаў лекараў. Гэта заўважыў эканаміст Дзмітрый Крук, які на просьбу «Белсату» прааналізаваў дакумент.
Законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» без якіх-кольвек перашкодаў быў ухвалены ў абедзвюх палатах парламенту, надоечы дакумент падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржаўныя крыніцы не паведамлялі пра дыскусіі наконт лічбаў ці пра пярэчанні дэпутатаў ды сенатараў.
Улады запланавалі, што налета бюджэт атрымае прыбыткаў на Br 45,8 млрд (плюс 14,8 % у параўнанні з гэтым годам) пры выдатках на Br 50,3 млрд (плюс 12,6 %). Дэфіцыт, што прагназуецца, – Br 4,5 млрд, гэта менш, чымся чакалася сёлета (Br 4,8 млрд).
Зрэшты, эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук усе гэтыя запланаваныя лічбы не саромеючыся назваў «бюджэтам з вельмі вялікім адхіленнем ад рэчаіснасці» і «падсціланнем саломкі ад Мінфіну».
«Гэта робіцца даволі свядома, таму што галоўная вялікая няпэўнасць, што насамрэч будзе з прыбыткамі і выдаткамі. Фактычны вынік вельмі-вельмі адрозніваецца ад таго, што занесена ў план. З 2023 года як мінімум гэта такая новая рэчаіснасць, якую трэба разумець», – адзначыў адмысловец у размове з «Белсатам».
Каментуючы сцвярджэнні ўладаў пра тое, што грошы размеркавалі на карысць грамадзянаў, Крук заўважыў: гуляцца з «сацыяльнай скіраванасцю» бюджэту можна бясконца, бо эталоннага вызначэння гэтага тэрміну бракуе.
«Прапаганда і эканамічныя ведамствы абапіраюцца на пэўны шэраг расходаў, напрыклад, на ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную палітыку. Фармальна так і ёсць. Але тут галоўнае, што няма ўніверсальнага агульнавызначанага бэнчмарку, што такое сацыяльная скіраванасць бюджэту. Гэта такое хутчэй прапагандысцкае клішэ», – заўважыў эксперт.
Выдаткі налета на нацыянальную абарону вырастуць на 24,3 % у параўнанні з сёлетнім бюджэтам, на судовую сістэму, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі – на 12,6 %. Рэзервовы фонд, якім распараджаецца асабіста Лукашэнка, перавысіць Br 1 млрд (рост на 1,4 %).
На ахову здароўя вылучаць на 11,6 % болей, на адукацыю – на 15,9 %, на сацыяльную палітыку – на 14,6 %.
Паводле суразмоўцы «Белсату», нейкіх глабальных пераменаў у размеркаванні грошай няма:
«Казаць, што штосьці змянілася ў прыярытэтнасці выдаткаў, не выпадае. Гэтая структура, калі глядзець па напрамках, на што ідуць грошы, досыць трывалая ўжо, напэўна, дзесяцігоддзі, існуюць нязначныя ваганні. Калі мы глядзім менавіта на структуру выдаткаў, то такая досыць класічная сітуацыя, што ўласціва ўсім мінулым гадам».
Пры гэтым Крук заўважыў прыкмету таго, што запаволіцца рост заробкаў медыкаў, хаця, падавалася б, дэфіцыт лекараў і іх эміграцыя вымагала б, наадварот, большай шчодрасці:
,,«У гэтай галіне выдаткі, што накіроўваюцца на заробкі, растуць трошкі меншымі тэмпамі, чымся ў іншых галінах. Логіка, падобна, у тым, што далі ў гэты сектар грошай раней, у пандэмію ковіду, таму падвышаюць не так актыўна. Тут я бачу выклік у тым плане, што ад'езд лекараў – адна з найбольш вострых праблемаў. З бюджэту не вынікае, што з ёю неяк плануюць змагацца».
Галоўная крыніца папаўнення бюджэту – падаткі, іхная доля ў прыбытках – 75 %. Пры гэтым чыноўнікі чакаюць, што казна будзе пухнуць істотна хутчэй, чымся ВУП. За такі празмерны аптымізм Крук папракнуў Мінфін:
«Аўтары гэтага прагнозу разлічваюць на інэрцыйную сітуацыю ў эканоміцы, як сёлета, што яна будзе адносна прывабная, што даходы будуць працягваць расці. Асабліва гэта кідаецца ў вочы, калі паглядзець на складнік падатку на дададзеную вартасць Гэта спадзяванне на тое, што захаваецца прывабная кан'юнктура, а налета гэта выглядае не самым імаверным сцэнаром».
Дэфіцыт, што чакаецца, аналітык назваў бяспечным, аднак пры ўмове, што гэта «аднаразовая акцыя»:
«Для канкрэтнага года гэта не катастрафічна, але калі глядзець на некалькі гадоў наперад, дазволіць сабе сталы дэфіцыт цягам некалькіх гадоў Беларусь на сённяшні дзень не можа, таму што няма зразумелых ўстойлівых крыніцаў фінансавання гэтага дэфіцыту – і ўнутраных, і замежных».
Слабым месцам бюджэту краіны застаецца артыкул «Бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаваў», адзначыў эксперт цэнтру BEROC. Тут прапісаны ў тым ліку зваротны акцыз, прасцей кажучы, кампенсацыя ад Масквы за пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расею.
«Гэта тое, што бароніць бюджэт ад рэальнага дэфіцыту», – падкрэсліў эканаміст.
Налета такіх бязвыплатных паступленняў з-за мяжы чакаецца на Br 4,4 млрд, або 2,5% ад прагнознага ВУПу:
,,«Бюджэтная ўстойлівасць сёння ў вельмі значнай ступені трымаецца на Расеі, яе гатовасці выконваць свае абавязанні ў розных механізмах перад беларускім бюджэтам. Гэта істотна большы выклік, чым той дэфіцыт, што можа скласціся натуральным чынам пры інэрцыйным сцэнары ў 2025 годзе».
Дзмітрый Крук апісаў жудасны сцэнар, пры якім Беларусь застанецца без грошай, адначасова адзначыўшы, што налета такая хада падзеяў малаімаверная. З істотным дэфіцытам бюджэт сутыкнецца, калі сітуацыя ў эканоміцы рэзка пагоршыцца, у Расеі – галоўным спажыўцы беларускіх тавараў – сціснецца попыт, а у Крамлі адмовяцца даваць нам нафтавую кампенсацыю.
«Вось тут можна апынуцца ў сітуацыі супраўды вельмі істотнага дэфіцыту. Імавернасць такога сцэнару менавіта ў 2025-м вельмі-вельмі маленькая, але тым не менш, з рахункаў я б яго таксама не скідваў», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».
Сцяпан Кубік belsat.eu