Казкі на цукерках расказваюць пра Трыдзявятае царства з пазалочанымі купаламі і лісіцу, якая не хацела плаціць падаткаў за казу і яе семярых казлянятаў.
На ўпакоўцы цукерак «Алёнка» ад гомельскай фабрыкі «Спартак» з'явіліся QR-коды, якія вядуць на «казачныя гісторыі». Выявілася, што 17 такіх «казачных гісторыяў» апублікавала Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі.
Выданне Blizko.by праверыла фотаздымкі блогера пад нікам Lazy і пераканалася, што такія QR-коды сапраўды ёсць на цукерках «Алёнка» ў крамах.
Напрыклад, у «Казцы-праўдзе пра лісу» гаворыцца, што ўсе дарослыя і здаровыя звяры павінны працаваць, а частку свайго заробку аддаваць ва ўсеагульную скарбніцу. Але хітрая лісіца жыла сабе прыпяваючы і не хацела плаціць падаткаў на казу і яе семярых казлянятаў. У выніку лісу прыгаварылі да пажыццёвага тэрміну ў звярынцы.
А ў казцы «У якім царстве жыць добра» апавядаецца пра адну дзяржаву, дзе ўсе жылі ў дабрабыце, і пра другую – Трыдзявятае царства – дзе ўсе жылі ў беднасці, а ніякіх сацыяльных выгодаў у краіне не было, метро не працавала і паркаў ніхто не разбіваў. Таму што ніхто не плаціў падаткаў.
Астатнія казкі выдаюць тую ж мараль: калі ў дзяржаве плацяць падаткі, то ўсім жывецца добра, а хто не плаціць, той жыве дрэнна (ці ў звярынцы пажыццёва, як ліса).
Цікава таксама, што UTM-мадыфікатар спасылкі (ён патрэбны, каб зразумець, адкуль чалавек даведаўся пра спасылку) мае ў канцы значэнне «kommunarka». Чаму там напісаная менавіта кандытарская фабрыка «Камунарка», а не «Спартак», застаецца загадкай.
Тэса Анэйда belsat.eu