У чатырох выпадках гэта адбылося праз абразлівыя паводзіны ў дачыненні палякаў.
Паводле звестак цэнтральнага рэестру выдадзеных і ануляваных картаў паляка Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, краіна выдала замежнікам больш за 206 тысяч картаў паляка. Гэты дакумент пацвярджае прыналежнасць да польскай нацыі і дае некаторыя прывілеі (напрыклад, можна хутчэй атрымаць польскае грамадзянства і грашовую дапамогу).
Пры гэтым Польшча ўсё часцей пачала выяўляць злоўжыванні пры атрыманні карты паляка, піша «Rzeczpospolita».
Напрыклад, чатыры асобы страцілі статус у выніку «абразлівых паводзінаў у дачыненні Рэспублікі Польшча ці палякаў», яшчэ 157 асобаў – за выкарыстанне падробленых дакументаў або з меркаванняў абароназдольнасці, бяспекі, аховы грамадскага парадку або дзейнасці на шкоду суверэнітэту Польшчы. У некаторых выпадках дакументы падраблялі працаўнікі мясцовых архіваў ці судоў.
Апрача таго, паведамляецца, што 145 замежнікаў самыя адмовіліся ад карты паляка. 1524 карты замянілі на новыя пасля змены звестак у іх, а большасць (7310 картаў) былі прызнаныя несапраўднымі ў адпаведнасці з законам – пры атрыманні польскага грамадзянства або сталага віду на жыхарства.
Нагадаем таксама, што ў межах новай міграцыйнай стратэгіі польскага ўраду плануецца ўскладніць атрыманне карты паляка і атрыманне на падставе яе польскага грамадзянства.
Тэса Анэйда belsat.eu