навіны

«Прашу: прыміце пра мяне рашэнне». Добраахвотнік Кусь зладзіў пікет перад Дэпартаментам міграцыі Літвы

Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі
Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Клачко стаіць перад будынкам Дэпартаменту міграцыі Літвы з плакатам: «Я вораг Беларусі, я вораг Расеі, хто я для Літвы? 11 месяцаў без адказу». На грудзях – украінскі знак ветэрана вайны і адзнака Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны. «Белсат» распытаў Аляксандра пра пікет.

Прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў. Кіеў, Украіна. 28 красавіка 2024 года. Фота: Белсат
«Мы не зразумелыя, таму мы страшныя». Беларускія ветэраны нікому не патрэбныя? Аналітыка

Аляксандр Клачко ваяваў пад пазыўным Кусь. У 2020 годзе з’ехаў з Беларусі ад пераследу за ўдзел у пратэстах, пераехаў у Вільню. Але калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, паехаў у Кіеў і запісаўся добраахвотнікам, далучыўся да беларускай роты, потым да батальёну, які пазней зрабіўся палком Каліноўскага. Ваяваў у батальёне «Волат» палка Каліноўскага, удзельнічаў у баях у Херсонскай і Данецкай вобласцях.


У канцы 2023 года Аляксандр быў камісаваны паводле стану здароўя: застудзіў ныркі пад Бахмутам. Па вяртанні з фронту зрабіўся дэлегатам Каардынацыйнай рады.

Клачко расказаў «Белсату», што 18 снежня споўнілася якраз 11 месяцаў, як ён падаў заяву на статус уцекача, аднак дагэтуль не атрымаў адказу, ці прымае яго Літва як палітычнага ўцекача і ці не лічыць пагрозай.

Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Ваяр наракае, што не разумее, што адбываецца. Кажа, меў два сумоўі ў Дэпартаменце міграцыі, апошняе было яшчэ ў лютым 2024 года, пасля гэтага дасылаў дадатковую інфармацыю пра свой выпадак. Ён лічыць, што ў літоўскіх чыноўнікаў было дастаткова часу, каб прыняць рашэнне, і не разумее, якой інфармацыі чыноўнікам бракуе, каб нарэшце даць адказ. 


«Я не прашу „дайце мне ўцякацтва“, я прашу: прыміце пра мяне рашэнне, – падкрэслівае Клачко. – Я адкрыты чалавек, я не хаваю сваёй пазіцыі, сваіх дзеянняў, сваёй матывацыі, свайго бэкграўнду. Я адкрыты. Я люблю прамыя пытанні, і я магу даваць на гэтыя пытанні прамыя адказы».

,,

«Я не хачу, каб мне там у чымсьці дапамагалі непасрэдна. Я проста хачу, каб мне не заміналі».


Ваяр хоча вызначанасці, бо мае патрэбу ў лячэнні. Звычайны тэрмін разгляду такіх справаў, адзначае ён, складае шэсць месяцаў, максімальна можа дасягаць 18 месяцаў.


Пасля баёў пад Бахмутам «ныркі адміраюць», працэс запаволіўся «толькі цудам», кажа Клачко. Ён мае інваліднасць ІІ групы, але паўгода не мог афіцыйна лячыцца і афіцыйна працаваць, дагэтуль не можа пераздаць на правы. Цяпер ён прынамсі мае афіцыйную працу. Ды кажа: калі б стан нырак пагоршыўся ў першыя паўгода, мусіў бы збіраць ахвяраванні на платнае лячэння, бо ў бясплатны шпіталь ён цяпер не можа звярнуцца праз свой статус. 

Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Аляксандр Клачко на пікеце перад Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Клачко падкрэслівае, што ягоны выпадак не адзіны: беларусы часта сутыкаюцца з тым, што тэрміны разгляду заяваў на легалізацыю ў Літве зацягваюцца. Таксама бывае шмат адмоваў з прычынаў, якія Клачко лічыць неабгрунтаванымі: адмовіць могуць праз тое, што чалавек некалі працаваў на беларускім дзяржаўным прадпрыемстве, з якім, адзначае ваяр, Літва таксама некалі супрацоўнічала. 


Не ўсе беларусы, дадае ён, гатовыя адкрыта гаварыць пра праблемы з легалізацыяй у Літве: хтосьці моўчкі судзіцца, хтосьці моўчкі з’язджае ў іншыя краіны. Клачко прапаноўвае іншым, хто мае падобныя праблемы, выказацца і за іх.



Ганна Русінава, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10