навіны

МУС Польшчы: «Службы РБ падкінулі да памежнага плота памерлага мігранта»

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: x.com/Straz_Graniczna
podpis źródła zdjęcia

Як запэўнівае польскі бок, улады Беларусі працягваюць «гібрыдную вайну». На польскі бок падкінулі труп мігранта.

Пра гэта ў інтэрв'ю Польскаму прэсаваму агенцтву расказаў намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацей Душчык.


«Калі мы ў дыскусіі падчас грамадскіх слуханняў засяродзіліся на пытанні смерці на мяжы, беларусы згулялі гэтую карту і проста падкінулі нам да памежнага плота памерлага чалавека. Вядома, гэта быў элемент гібрыднай вайны і спраўджанне нашай рэакцыі. Мы прынялі цела, каб апазнаць яго і пахаваць, згодна з нашымі каштоўнасцямі. Беларусы адмовіліся прыняць яго назад. Гэта іхная гульня», – заявіў польскі чыноўнік. Даты здарэння ён не назваў.


Памежны камітэт Беларусі, дарэчы, неаднаразова вінаваціў польскіх памежнікаў у жорсткім абыходжанні з мігрантамі, іх выправаджэнні на тэрыторыю Беларусі, а таксама ў гібелі мігрантаў.


Душчык у сваім інтэрв'ю пацвердзіў, што польскі ўрад плануе часова прыпыніць права мігрантаў на падачу заяваў на прытулак. Гэтыя захады нядаўна афіцыйна падтрымала Еўракамісія. Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Польшчы, такія захады будуць уведзеныя, калі пад пагрозай апынецца тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы:


«Калі мы маем справу з такой пагрозай, гэта значыць, калі мы не кантралюем тэрыторыі, напрыклад, у выніку агрэсіі вялікай групы людзей (інструменталізацыя / выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі), то бок калі гэта пагражае цэласнасці дзяржавы мы выкарыстаем гэтае развязанне».


Як прыклад такой сітуацыі ён назваў штурм мігрантамі памежнага пераходу «Кузніца» ў 2021 годзе.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10