Паводле мясцовых медыяў, гэта ўжо мінімум 17-ы выпадак узгарання беларускіх МАЗаў у паўночнай сталіцы Расеі.
Як паведамляе «Фонтанка», здарэнне адбылося раніцай 18 снежня, у выніку пажару на дарозе ўтварыўся затор даўжынёй адзін кіламетр.
Медыя не называе маркі аўтобуса, але на відэа выразна відаць, што гэта аўтобус вытворчасці Менскага аўтамабільнага заводу.
«Слуп чорнага дыму ад пажару падняўся над шматпавярховымі дамамі, дым бачны з суседняга раёну. Да месца здарэння аператыўна прыбылі экстранныя службы», – гаворыцца ў публікацыі.
Прычына і абставіны ўзгарання высвятляюцца.
Нагадаем, пра ўзгаранне беларускіх аўтобусаў расейскія медыі паведамляюць рэгулярна. Гэтак, 25 лістапада праз «тэхнічную няспраўнасць» МАЗ загарэўся ў Саратаве. Раней – 30 кастрычніка – такі ж аўтобус МАЗ загарэўся ў Ленінскай вобласці Расеі. Яшчэ раней – 22 кастрычніка – у Самары. Гарэлі МАЗы і ў іншых гарадах, і не толькі расейскіх, але і беларускіх.
Паводле звестак расейскіх медыяў, толькі ў 2023 годзе ў Пецярбурзе загарэлася не менш за дзевяць аўтобусаў вытворчасці Менскага аўтазаводу. За год да гэтага было зафіксавана восем такіх выпадкаў.
«У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне пра прыпыненне эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу. Яны паступілі ў Пецярбург паводле кантрактаў 2022 года», – паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржаўнага прадпрыемства «Пасажыраўтатранс».
Характэрна, што аўтобус згарэў у тым расейскім рэгіёне, куды ўлады Беларусі разлічваюць актыўна прадаваць пасажырскую тэхніку.
Беларусь гатовая «цалкам задаволіць» патрэбы Санкт-Пецярбургу ў сучасным пасажырскім транспарце, заявіў яшчэ 25 кастрычніка на паседжанні 14-га Савету дзелавой супрацы Беларусі і Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Чыноўнік сцвярджаў, што кантракты з Санкт-Пецярбургам для такіх прадпрыемстваў «заўсёды ў прыярытэце», у прыватнасці, Беларусь хоча прадаваць у гэты горад «новыя мадэлі беларускіх аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў, трамваяў».
На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка намеснік галоўнага канструктара грузавой тэхнікі ААТ «Менскі аўтамабільны завод» Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ ёсць парушэнне ўмоваў і правілаў эксплуатацыі.
Надзея Вольная belsat.eu