На 10:00 18 снежня 3900 фураў чакаюць ўезду ў Еўразвяз. За содні працаўнікі польскага памежнага пераходу прапусцілі 51 % велікагрузаў ад нормы.
Самым загружаным, як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК), застаецца маршрут у Польшчу праз пункт пропуску «Кукурыкі» («Казловічы») – 2050 цяжкавікоў. За содні працаўнікі польскага памежнага пераходу прапусцілі 51 % велікагрузаў ад нормы, падкрэслівае ДПК.
На другім месцы паводле колькасці цяжкавікоў у чарзе – 730 – маршрут праз латышскі пункт пропуску «Патэрніекі» («Грыгораўшчына»). За 24 гадзіны сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 35 % фураў.
Уезду ў Літву перад пунктамі пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі») чакаюць 1120 цяжкавікоў. Літоўскія кантрольныя службы аформілі 13 % фур, якія ідуць у ЕЗ.
Чарга легкавога транспарту фіксуецца толькі перад польскім Тэрэспалем (Берасце) – 80 транспартавых сродкаў. За 24 гадзіны Польшча прыняла 35 % аўтамабіляў.
На гэтым памежным пункце ў чарзе стаяць два аўтобусы. У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» даходзіла да 108.
Нагадаем: 8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску «Шумскас» («Лоша) і «Твярачус» («Відзы»), 1 сакавіка 2024-га – «Лаворышкес» («Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы – «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай».
Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску – «Баброўнікі («Бераставіца»).
19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску «Сілэнэ» («Урбаны»).
Надзея Вольная belsat.eu