навіны

Форум пра моўную палітыку: Важна рабіць ужо зараз, каб пасля не губляць часу

Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі мадэруе дыскусію падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», арганізаванага прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння. Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі мадэруе дыскусію падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», арганізаванага прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння. Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

17 снежня ў Варшаве адбыўся экспертны форум, дзе абмяркоўвалася моўная палітыка, якую належыць выбудаваць у дэмакратычнай Беларусі. «Белсат» пабываў на падзеі і паслухаў, якія пытанні там абмяркоўваліся, а таксама даведаўся, чаму гэтыя пытанні пачалі ўздымацца ўжо сёння. 

Важна назапашваць досвед іншых


У Беларусі, паводле Аляксандра Лукашэнкі, «моўнае пытанне вырашанае раз і назаўсёды», прынамсі на той час, пакуль ён застаецца пры ўладзе. Гэтая фраза неаднаразова гучала з вуснаў Лукашэнкі цягам ягонага кіравання, пры гэтым ён заўсёды спасылаўся на вынікі рэферэндуму, які прайшоў у 1995 годзе. 

Але менавіта гэтая дата ў працах шматлікіх даследнікаў і экспертаў найчасцей называецца паваротнаю, што датычыць зменаў у стаўленні да беларускай мовы: выкарыстанне яе ў сферы дзяржаўнага кіравання знізілася да крытычных памераў, колькасць школаў з беларускай мовай навучання імкліва падае ўва ўсёй краіне і за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі зрабілася найбольш нізкаю нават у параўнанні з савецкім часам. 

Выканаўчая дырэктарка Інстытуту беларускае мовы Святлана Лясовіч падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Выканаўчая дырэктарка Інстытуту беларускае мовы Святлана Лясовіч падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат

У такой сітуацыі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў палічылі, што пытанні моўнай палітыкі набываюць асаблівую актуальнасць – як на сённяшні дзень, так і ва ўмовах, калі Беларусь вернецца на дэмакратычны шлях. Бо ў тых абставінах дзеяць трэба будзе вельмі хутка, каб закласці падмурак для моўнага развіцця на гады наперад. 

Фактычна гэта і было лейтматывам экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», зладжанага ў Варшаве прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння. 

Як адзначыў у размове з «Белсатам» філосаф Павел Баркоўскі, які выконвае абавязкі прадстаўніка АПКБ у справе нацыянальнага адраджэння, адною з задачаў форуму было паглядзець, як адбываецца працэс моўнага будаўніцтва ў іншых краінах, дзе гэтае пытанне застаецца такім жа надзённым, як і ў Беларусі. У будучыні беларусам будзе прасцей рабіць уласныя крокі, абапіраючыся на досвед іншых народаў, якія вярталі і вяртаюць свае мовы ва ўжытак.

Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі. Фота: Белсат
Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі. Фота: Белсат

Гэтак, пра шлях адраджэння валійскай мовы ўдзельнікам форуму расказаў доктар філасофіі Колін Г. Ўільямз з Кеймбрыджу і Кардыфскага ўніверсітэту. Досведам стогадовай руплівай працы для прасоўвання ірландскай мовы падзяліўся дырэктар офісу полілінгвізму Дэпартаменту замежных справаў Ірландскай Рэспублікі Шон О’Рыян

Паводле Коліна Г. Ўільямза, вялікую ролю ў папулярызацыі валійскай мовы мусіць адыгрываць і адыгрывае грамадзянская супольнасць, менавіта яна павінна дамагацца таго, каб мова была рэпрэзентаваная ў такіх ключавых сферах, як дзяржаўнае кіраванне і адукацыя. 

Выступоўцы звярталі ўвагу на існаванне канкрэтных законапраектаў, якія прымаюцца для забеспячэння належнага функцыянавання моваў. Напрыклад, у Ірландыі былі прынятыя два законы аб афіцыйных мовах (у 2003 і 2021 годзе), якія абаранялі правы носьбітаў ірландскай мовы і рабілі захады для пашырэння сфераў яе ўжытку. Пры гэтым, паводле Шона О’Рыяна, у саміх ірландцаў сёння ёсць разуменне, што ірландская мова «наўрад ці зробіцца мовай гэтага пакалення і наўрад ці – пакалення наступнага». 

Колін Г. Ўільямз (Кеймбрыдж і Кардыфскі ўніверсітэт) прамаўляе падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», арганізаванага прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння. Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Колін Г. Ўільямз (Кеймбрыдж і Кардыфскі ўніверсітэт) прамаўляе падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», арганізаванага прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння. Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Пытанне не ў законе, а ў сістэмнай працы


Украінскія эксперты – прадстаўнік руху «Прастора свабоды» Тарас Шамайда і першая намесніца кіраўніка сакратарыяту ўпаўнаважанага ў абароне дзяржаўнай мовы Аліна Шпак – паказалі, як ішло выбудоўванне моўнай палітыкі ва Украіне, пачынаючы яшчэ з часоў СССР і заканчваючы сучаснымі захадамі, якія робяцца для развіцця і папулярызацыі ўкраінскай мовы.

Як адзначылі выступоўцы, пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне відавочна вельмі моцна змяніў стаўленне саміх украінцаў да ўласнай мовы. На сённяшні дзень, паводле апытання, праведзенага сярод 7 тысячаў рэспандэнтаў, 55 % украінцаў поўнасцю перайшлі на ўкраінскую мову, 22 % карыстаюцца расейскай у побыце, але публічна перайшлі на ўкраінскую, яшчэ 7 % раней перайшлі на ўкраінскую, але цяпер паціху вяртаюцца да выкарыстання расейскай мовы (бо так ім зручней), 8 % апытаных плануюць перайсці на выкарыстанне ўкраінскай мовы і яшчэ 8 % не перайшлі і не плануюць такога пераходу. З лічбаў бачна, што пераважная большасць украінцаў актыўна выкарыстоўвае ўкраінскую мову ў штодзённым ужытку (77 %) і яшчэ больш ставяцца да яе пазітыўна і гатовыя да выкарыстання. Для параўнання: падчас перапісу 2021 года ўкраінскую мову назвалі роднай 67 % насельніцтва Украіны.  

Паводле выступоўцаў, на папярэдніх этапах пазітыўнымі чыннікамі, якія дазволілі падвысіць прэстыж і папулярнасць украінскай мовы, былі ўвядзенне агучвання фільмаў на ўкраінскую, перавод медыяў на ўкраінскую, а таксама ўвядзенне квотаў на ратацыю ўкраінамоўнай музыкі на радыёстанцыях. 

Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі мадэруе дыскусію падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі мадэруе дыскусію падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Пры гэтым сёння ва Украіне працуюць некалькі інстытуцыяў для абароны ўкраінскай мовы і забеспячэння выканання яе стандартаў. Да іх, напрыклад, адносіцца ўпаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы, а таксама Нацыянальная камісія ў пытанні стандартаў дзяржаўнай мовы.

Адной з ключавых думак, якую падкрэсліла падчас свайго выступу Аліна Шпак, было тое, што наяўнасць законаў яшчэ не гарантуе таго, што мова будзе развівацца. Само праз сябе заканадаўства не працуе, адзначыла выступоўца, а працуе сістэмная палітыка, накіраваная на развіццё мовы. 

Тое, што нас звязвае


Вялікую ўвагу ўдзельнікаў выклікаў выступ сацыёлага Андрэя Вардамацкага, які расказаў пра вынікі даследавання, праведзенага сёлета сярод беларусаў. Рэспандэнтам прапаноўвалася ацаніць, якія чыннікі найперш звязваюць беларусаў з людзьмі іхнай нацыянальнасці. На першых месцах апынуліся «месца нараджэння, радзіма», «менталітэт і рысы характару»: яны набралі 22 % і 13 % адпаведна. Адказ «мова» (за яго выказаліся 4 % рэспандэнтаў) у выніку быў пастаўлены далёка не на першы радок і быў ніжэйшым за такія чыннікі, як «жыццё ў адной краіне», «гістарычнае мінулае» (па 7 %) або «паходжанне» ці «тэрыторыя» (6 %). 

Але ў той жа час прафесар Вардамацкі падкрэсліў, што, згодна з метадалогіяй даследавання, дапускаецца варыятыўнасць у ацэнках адказаў, якая можа даходзіць да 3,2 %. Гэта гаворыць пра тое, што беларуская мова як чыннік сувязі з іншымі беларусамі можа апынуцца як вышэй у шкале ацэнак, так і ніжэй. То бок фактычна месца мовы ў гэтай іерархіі пакуль не вызначанае канчаткова (для параўнання даследнік прывёў вынікі апытання сярод польскага грамадства: 92 % рэспандэнтаў паставілі польскую мову на першае месца як чыннік, што аб’ядноўвае палякаў). 

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Яшчэ адной адметнасцю, на якую ўказаў прафесар Вардамацкі, была наяўнасць так званага падводнага Галфстрыму, то бок павелічэння ўжывання беларускай мовы насуперак тым працэсам, што праходзяць у краіне: на фоне скарачэння ўжывання беларускай мовы на афіцыйным узроўні сярод людзей назіраюцца падспудныя, падпольныя працэсы беларусізацыі. Паводле выказванняў рэспандэнтаў, гэта можа быць звязанае з пратэснай пазіцыяй такіх людзей. 


Двухмоўе ці адзіная дзяржаўная?


Падчас дыскусіяў, якія адбываліся на форуме, абмяркоўвалі шлях, які варта абраць для Беларусі: двухмоўе ці замацаванне выкарыстання ў краіне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. 

Большасць выступоўцаў адзначыла, што вельмі важна ў будучыні задэклараваць у якасці канчатковай мэты ўвядзенне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Адным з аргументаў было тое, што пакуль беларусы вагаюцца ў тым, колькі моваў павінна быць у краіне, расейская прапаганда не губляе часу і ўсё больш актыўна імкнецца зацвердзіць дамінаванне расейкай мовы ў Беларусі, адкрываючы ўсё новыя асяродкі расейскага ўплыву ў краіне, кшталту «Русских домов». 

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прамаўляе падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прамаўляе падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню». Варшава, Польшча, 17 снежня 2024 года. Фота: Белсат

У той жа час выказваліся асцярогі наконт таго, што нельга ўсё ж дапусціць празмернасці ў фарсіраванні моўнага пытання, бо заўсёды існуе пагроза таго, што Расея прыйдзе абараняць «расейскамоўнае насельніцтва», што можа пагражаць з’яўленнем якой-небудзь «Віцебскай Народнай Рэспублікі». 

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька, які прысутнічаў на форуме, падкрэсліў важнасць працы над стварэннем законаў, датычных ужывання мовы ў будучай дэмакратычнай Беларусі, ужо зараз. Ён правёў аналогію паміж працай, якая вялася над праектамі канстытуцыйнай рэформы, адзначыўшы, што яна патрабавала пастаяннай увагі і часу ўсіх датычных цягам цэлага года. Але гэтая праца мусіць быць зробленая цяпер, каб не губляць час на распрацоўванне такіх законаў у будучыні. 

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10