навіны

Дырэктар «Беларусьфільму» заявіў, што Расея здолела замяніць галівудскія стужкі. І папрасіў грошай

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Беларусьфільм»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Беларусьфільм»
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік «Беларусьфільму» папрасіў у дзяржаўнага расейскага Фонду кіно фінансаванне на вытворчасць каля 20 анімацыйных, ігравых і дакументальных фільмаў.

Пра гэта ў інтэрв’ю ТАСС паведаміў гендырэктар кінастудыі Юрый Аляксей.


«Мы папрасілі разгледзець магчымасць фінансавання супольных міжнародных праектаў, значных для падтрымання і развіцця стасункаў у межах Саюзнай дзяржавы. Такія праекты могуць паспрыяць развіццю адукацыйных праграмаў, кінасетак, падтрыманню вытворчасці фільмаў, стварэнню міжнароднай асацыяцыі кінаархіваў і многаму іншаму», – сказаў Юрый Аляксей.


Гаворка пра фінансаванне «трох-пяці анімацыйных, трох ігравых і дзесяці дакументальных фільмаў у перыяд двух-трох гадоў, а таксама аператыўным фінансаванні праектаў “Беларусьфільму” з пазабюджэтных сродкаў фонду».


«Дзякуючы вашаму Міністэрству культуры і Фонду кіно Расея змагла за два-тры гады ўвогуле замяніць галівудскія фільмы, – заявіў чыноўнік. – <…> Расея, Беларусь, Казахстан, Таджыкістан павінны рабіць супольныя фільмы. Ува ўсіх гэтых краінах вельмі моцная ідэалогія, традыцыі, культура, і ў капрадукцыі гэта ўсё будзе адлюстравана».


Паводле гендырэктара, цяпер «Беларусьфільм» выпускае 12–15 дакументальных стужак за год. Да прыкладу, «фільмы пра паралімпійца Аляксея Талая, дужанніка вольнага стылю Аляксандра Мядзведзя, пра генацыд беларускага народу».


Як 12 снежня паведаміла начальніца аддзелу кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, у 2024 годзе доля беларускіх фільмаў у беларускім кінапракаце павялічылася да 25 %. Паводле яе, для гэтага была праведзеная «вялікая праца».


На 2024 год з бюджэту вылучылі больш за Br 14 млн на вытворчасць 25 фільмаў. Іх колькасць у 1,8 разу большая, чымся летась, і ў 2,5 разу большая, чымся ў 2022-м, сказала Дрыга.


Нагадаем, што стан айчыннага кінематографа раскрытыкаваў нават Аляксандр Лукашэнка. Гэта «проста ганьбішча», заявіў ён пры прызначэнні 2 снежня актора Руслана Чарнецкага міністрам культуры.


«Гэта недапушчальна, – цытавала Лукашэнку ягоная прэс-служба. – Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу. Не скажу, што мы ў гэтым не зацікаўленыя, але чамусьці ўсе хочуць мець грошы, але на выхадзе не жадаюць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую. Звярніце на гэта самую сур’ёзную ўвагу».


Тады ж Лукашэнка падкрэсліў, што «ў ідэалагічным, выхаваўчым плане кіно не мае роўных паводле ступені ўздзеяння».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10