У аўторак, 17 снежня, стала вядома пра затрыманне медыкаў у Менску і Віцебску. Таксама ў гэты дзень беларускія ўлады папоўнілі Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а Tik-tok-акаўнты медыя Zerkalo.io прызналі «экстрэмісцкім» фармаваннем. Падрабязней пра гэтыя, а таксама іншыя факты палітычна матываванага пераследу ў Беларусі – у нашым аглядзе.
17 снежня ў Віцебскім абласным судзе пачалі судзіць віцебскага лекара Аляксандра Рандарэнку, якога моцна збілі пры затрыманні ў красавіку за тое, што падчас онлайн-стрыму з правакатарам ён сказаў, што «святкуе» тэракт у расейскім ГЦ «Крокус Сіці Хол».
Спачатку Рандарэнку асудзілі за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КаАП). Ён адседзеў як мінімум 75 содняў арышту, пасля чаго супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Працэс вядзе суддзя Яўген Буруноў.
У Менскім гарадскім судзе 17 снежня разглядалі крымінальную справу супраць мясцовай жыхаркі Алены Марозавай паводле 3 крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў»). Працэс вядзе суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо вынесла як мінімум 19 палітычна матываваных прысудаў.
17 снежня адбылося чарговае папаўненне Спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У яго былі дададзеныя: Instagram-старонка «belarus_tbilisi_krakov», старонкі ў Facebook «Sweda Ales», «Ігар Маслоўскі», старонка ва «Укантакце» «Игорь Масловский», старонкі ў «Х» «зефірык», «Кузьма Рыжы» і старонка ў TikTok «kukuha98», тэлеграм-чат «Минск все о тебе ЧАТ», тэлеграм-канал «ПЕРЕХОДНИК МИНСК» і профіль «Андрюха Модельер», старонка ў «Х» «рамонак флаўэрс», Viber-чат «ГГПТКЭ».

Па палітычных матывах затрымалі лекарку-хірурга з Менску з 17-гадовым стажам 41-гадовую Лілію Качан. Яна працавала ў 10-й гарадской клінічнай лякарні ў Мінску, а таксама ў «Нардзіне».
Качан знікла з усіх сацсетак пасля 16 кастрычніка, калі быў выкладзены ейны апошні допіс з фотаздымкамі. Пасля гэтага жанчына не з'яўлялася онлайн, быў выдалены і ейны тэлеграм-акаўнт.
Лілію Качан пачнуць судзіць 27 снежн ў Менскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць ва «удзеле ў пратэстах» (ч. 1 арт. 342 КК) і «закліках да санкцыяў ці іншых мераў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Лекарцы пагражае да 12 гадоў калоніі са штрафам.
Пяць Tik-tok-акаўнтаў медыя-праекту «Zerkalo.io» «Зеркало | Новости», «Зеркало | Еще новости», «Зеркало | Судебные истории», «Зеркало | Регионы», «Зеркало | Подробно» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 17 снежня.
У Віцебскай абласной лякарні 17 снежня быў затрыманы намеснік галоўнага лекара па медычнай частцы, анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксей Каштанаў. Раней у гэтай жа лякарні затрымалі траўматолага-артапеда Станіслава Украінца. Як паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты», лекараў маглі затрымаць за хабар, аднак пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Марыя Міхалевіч belsat.eu