навіны

Балгарыя адмовіла беларусу ў прытулку, але суд адмяніў гэтае рашэнне

Сцяг Балгарыі
Сцяг Балгарыі. Фота: pixabay.com
podpis źródła zdjęcia

Беларус Антон (імя змененае з меркаванняў бяспекі) сёлета папрасіў прытулак у Балгарыі, аднак мясцовае агенцыя па справах уцекачоў вырашыла, што яму і ў Беларусі бяспечна, таму няма дастатковых падставаў для надання статусу ўцекача. Мужчына пайшоў у суд, піша «Радыё Свабода».

Па словах Антона, у 2020 годзе ён жыў у Менску разам з сям’ёй і збіраў подпісы за Віктара Бабарыку, хадзіў на пратэсты, даваў інтэрв’ю СМІ. Жонку Антона затрымлівалі на адным з маршаў, штрафавалі.


У 2022 годзе сям’я пераехала ў Грузію, а адтуль – у Балгарыю, дзе беларус спадзяваўся атрымаць прытулак, аднак атрымаў адмову.

,,

«Прычыны, на падставе якіх замежны грамадзянін звяртаецца з прашэннем, не пацвярджаюць абгрунтаваных страхаў пераследу ці рэальнай небяспекі прычынення сур’ёзнай шкоды», – гаварылася ў адмове.


Паводле версіі Агенцыі, аналіз гісторыі ўцекача паказваў, што «адзінай прычынай, з якой заяўнік звярнуўся па абарону ў Балгарыі, была зробленая ягонай жонцы прапанова аб працы ў Балгарыі».


У адмове звярталася ўвага на тое, што Антон без перашкодаў і легальна пакінуў Беларусь 17 лютага 2022 года. Агенцыі засталося незразумелым, чаму мужчына не папрасіў прытулак у Грузіі. У дакуменце, які атрымаў беларус, выказваліся сумневы, што ён насамрэч пакінуў Беларусь, бо баяўся пераследу.


Сітуацыю Антона міграцыйныя ўлады Балгарыі расцанілі як «няўмелую спробу надаць палітычнае адценне сваёй гісторыі ўцекача, рэальнай і адзінай мэтай якой з'яўляецца легалізацыя знаходжання ў Балгарыі». Агенцыя пры разглядзе справы спасылалася на заключэнне міжнародных структураў аб сітуацыі ў Беларусі за 2014 год.


У кастрычніку 2024 года Антон звярнуўся ў Адміністрацыйны суд у Сафіі з просьбай перагляду ягонай заяўкі на атрыманне прытулку. 16 снежня Антон атрымаў рашэнне Адміністрацыйнага суду, у якім называюцца неабгрунтаванымі довады міграцыйных уладаў аб тым, што Грузія з'яўляецца бяспечнай краінай, бо «сітуацыя там напружаная, яна ахопленая пратэстамі, краіна масава адмаўляе беларусам у прытулку».


Адміністрацыйны суд Сафіі вырашыў адмяніць рашэнне Агенцыі ў справах уцекачоў і абавязаць яе прыняць новае рашэнне ў справе беларуса. Антон спадзяецца, што ягоная справа вырашыцца пазітыўна.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10