На пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску з'ехалася амаль усё беларускае начальства на чале з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі. Здарэнне хоць і надзвычайнае, але, на шчасце, абышлося без ахвяраў, таму, падобна, такой увагі цяперашніх уладаў не вымагала. Аналітык Арцём Брухан у размове з «Белсатам» назваў гэтую мітусню жаданнем паказаць перад выбарамі, што «ўсё пад кантролем».
«Беларусь» згарэла 13 снежня. Плошча пажару склала 2 тысячы квадратных метраў. З агнём давялося змагацца 5 гадзінаў.
Першым з начальства на месца здарэння прыбыў кіраўнік Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін. А надоечы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой зладзіў нараду з удзелам міністраў унутраных справаў і надзвычайных сітуацыяў, старшыняў Следчага камітэту і Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў ды іншымі чыноўнікамі.
У выніку пажару пацярпелі 20 асобаў: пра 16 было вядома ў дзень здарэння, пазней яшчэ 4 асобы звярнуліся за псіхалагічнай дапамогаю.
Адна жанчына, як паведамляў Крутой, – у рэанімацыі ў цяжкім стане, падлучаная да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле чыноўніка, у Віцебск выправілі «брыгады таксіколагаў і рэаніматолагаў рэспубліканскага ўзроўню». У больніцы застаюцца 10 пацярпелых.

На нарадзе ў Віцебску Крутой запэўніваў, што ўсіх вінаватых знойдуць, «ніхто нікога пакрываць, прыкрываць і „адмазваць“ не будзе», што ў будынку, як аказалася, было багата парушэнняў, і намякнуў на імаверную прычыну ўзгарання:
«Пачынаюць выяўляцца пэўныя падрабязнасці, звязаныя, напрыклад, з той жа сістэмаю электразабеспячэння гэтага аб'екту, з шматлікімі неўзаконенымі перапланіроўкамі крамаў, дзе працавалі арандатары, з парушэннямі фінансава-эканамічнай дзейнасці суб'екту і шэраг іншых кірункаў. Улічваючы, што ўласнік мае ў Віцебску яшчэ шэраг аб'ектаў, яны таксама зазнаюць пільнае правяранне і рэвізію».
І такое адкрыццё выглядае дзіўным, бо яшчэ ў 2018 годзе пасля трагедыі ў расейскім Кемераве, дзе падчас пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» загінулі 60 чалавек, у віцебскай «Беларусі» зладзілі правяранні і масавых парушэнняў не знайшлі. Паведамлялася толькі, што не ва ўсіх памяшканнях быў чутны сігнал пажарнай трывогі.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі таксама сказаў, «усе ведамствы размеркавалі працу, замацаваныя эксперты і рэспубліканскага ўзроўню, і ўзроўню Віцебскай вобласці, людзей стае, таму разбор мае быць праведзены хутка».
Пры гэтым нават імаверную прычыну пажару ніхто не называе. СК завёў крымінальную справу паводле артыкулу «Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што з неасцярожнасці выклікала ўрон чужой маёмасці ў буйным памеры». Максімальная санкцыя – 3 гады зняволення.
Зрэшты, Крутой не выключаў перакваліфікацыі справы «на больш сур'ёзныя артыкулы», калі будуць гатовыя экспертызы.
Паклапаціліся ўлады і пра прадпрымальнікаў, якія працавалі ў гэтым гандлёвым цэнтры. Паводле Крутога, пацярпелі каля 200–300 бізнесоўцаў. Для іх адкрылі адмысловыя «гарачыя лініі», у гарадскім выканкаме стварылі каардынацыйную групу, ім паабяцалі кампенсацыі і магчымасць працаваць у іншых месцах з арэндаю па «суперільготным тарыфам».
Падобна, улады плануюць вытрасці ўсё што можна з уласніка «Беларусі» Віктара Вялюгі, якому ў Віцебску належаць яшчэ пяць гандлёвых цэнтраў, два культурна-забаўляльныя цэнтры і турагенцтва.
«Улічваючы, што ўласнікам былі дапушчаныя шматлікія парушэнні і ён мае на балансе аб'екты ў іншых частках Віцебску, будзе прынятая пастанова аб суперільготных тарыфах. Па-першае, даць людзям магчымасць працаваць на іншых аб'ектах, а па-другое, за кошт фінансавых сродкаў кампенсаваць памер урону», – сказаў Круты на нарадзе 16 снежня.
МУС адсправаздачылася аб затрыманні «асобаў, якія падазраюцца ў парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі», аднак не раскрыла імёнаў і не ўдакладніла лік фігурантаў. Медыі, параўнаўшы вопратку Вялюгі, які даваў каментар журналістам на месцы здарэння, і мужчыны на аператыўным відэа міліцыянтаў, зрабілі выснову: уласнік згарэлага будынку – за кратамі.

Такую ўвагу ўладаў можна растлумачыць тым, што пры пажары магло загінуць багата людзей, у гандлёвым цэнтры ў той момант было каля 200 чалавек, і цяпер разбор неабходны, каб перадухіліць падобныя інцыдэнты.
«Для нас гэты выпадак мусіць стаць урокам, і мы мусім зрабіць пэўныя высновы», – заявіў Дзмітрый Крутой.
Гэтыя «пэўныя высновы» можна было б зрабіць і без такой надзвычайнай мабілізацыі арміі чыноўнікаў, мяркуе намеснік кіраўніка НАУ, былы супрацоўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан. У каментары «Белсату» ён сказаў, што да такой паказальнай рэакцыі спрычыніліся хуткія выбары:
«Тое, што Крутой прыехаў на месца разбірацца, сапраўды сведчыць, што сітуацыя незвычайная, бо мясцовых уладаў было б дастаткова, каб развязваць нават такія складаныя пытанні, – старшыні аблвыканкаму, іншых мясцовых службаў. Здаецца, падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі ўсе такія сітуацыі будуць спрабаваць выкарыстоўваць так, што нібыта немагчыма нічога развязаць без цэнтральных кіроўных органаў, то бок Лукашэнкі і ягонай адміністрацыі. Калі Лукашэнка ў Амане, вось выправілі кіраўніка адміністрацыі. Тут у пэўнай ступені патрэбна прадэманстраваць кантроль».
Мінулым разам, бадай, такую ж рэакцыю ўладаў выклікаў калапс з вадою ў Менску ўлетку 2020 года. Тады ў сістэму трапіла небяспечная вада, што не пасавала нават для гаспадарчых патрэбаў. Ледзь не палова гораду сядзела без вады 4 дні, а Лукашэнкі таксама, як і цяпер, не было ў Беларусі, ён паляцеў у Маскву на парад, які ў той год праз пандэмію ковіду зладзілі не 9 траўня, а 24 чэрвеня. Аднак тады «на гаспадарцы» застаўся прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
На пытанне, чаму цяпер праблему развязвае іншы чыноўнік, Брухан адказвае: тут можна толькі спекуляваць.
«Крутой вельмі шмат ездзіць падчас гэтак званага марафону адзінства, што з'яўляецца часткаю гэтак званай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі, прамаўляе перад мясцовымі жыхарамі, заводзіць палітычныя тэзісы, таму не выключаю, што Крутога адмыслова выправілі ў Віцебск прадэманстраваць, што вось ён такі добры, эфектыўны кіраўнік адміністрацыі, які прыехаў і навёў парадак. Ствараюць вобраз асобы, якая можа развязваць праблемы», – кажа суразмоўца «Белсату».
Акрамя таго, нельга выключаць, што гэты пажар быў следствам нейкіх злачынных дзеянняў, падпалу, таму ўлады і надалі столькі ўвагі здарэнню. У якасці канспіралагічнай версіі Брухан згадаў падобныя дыверсіі ў суседняй Польшчы, што былі ўчыненыя, паводле Варшавы, расейскімі спецслужбамі:
,,«Калі мы ўжо зайшлі на канспіралагічнае поле, вось гэты след падпалаў у Польшчы мог у пэўнай ступені ці то напужаць, ці то быць счытаным адміністрацыяй Лукашэнкі як мэсідж з боку Расеі».
На нарадзе ў Віцебску Крутой паведаміў, што будынак, дзе адбыўся пажар, падобна, знясуць:
«На гэтым месцы ўладамі гораду і ўладамі Віцебскай вобласці будзе прапанавана зрабіць іншы аб'ект, што больш адпавядае цэнтральнай частцы Віцебску».
За гэта зачапіўся ананімны Telegram-канал «Ник и Майк», які высунуў яшчэ адну канспіралагічную версію:
«Становіцца відавочнаю нагода для пажару: прысабечванне часткі бізнесу і месца пад больш цікавую забудову. У любым выпадку – абсалютна рукатворная гісторыя ў межах новага перадзелу ўласнасці».
Сцяпан Кубік belsat.eu