Хочацца, вельмі хочацца правесці паралелі між падзеннем рэжыму ў Дамаску і сітуацыяй у Менску. Хочацца ўсклікнуць: «Ну, паглядзіце ж! Ну вось жа – яшчэ нейкі год таму, здавалася, што ўсё ў дыктатара больш-менш устойліва і вось! Баевікі забароненых груповак (ой, прабачце, узброеная апазіцыя) бярэ сталіцу і паўсталы народ весела валіць помнікі, а дыктатар знаёміцца з побытам снежаньскай халоднай (для яго) Расеі! Ну вось і ў нас гэтак жа будзе! Таварыш, вер!».
Але верыць не выходзіць. Не даюць расслабіцца эксперты, узброеныя досведам, ведамі і метадалагічным апаратам. Кажуць, ну зусім да нас не падобна. Яшчэ і палохаюць – крый божа, каб у нас стала падобна!
Гэта так, у гэтым «крый божа» даводзіцца іх падтрымаць.
Проста ўявіце, у краіне 13 гадоў запар ідзе сапраўдная, поўнавартасная вайна «ўсіх з усімі». Ну, для прыкладу…
Уявіце, што ў Беларусі збунтавалася польская меншасць, сілай утрымлівае ўсю Гарадзенскую і частку Берасцейскай вобласці і збіраецца далучыцца да Польшчы.
Адначасова, прыхільнікі якой-небудзь з галін праваслаўя (каб не абражаць рэлігійных пачуццяў ўявім у гэтым месцы што-небудзь не існае) таксама ўзяліся за зброю і, з падтрыманнем братоў з далёкай... ну, сакажам Арменіі (няхай даруюць мне ў Ерэване) таксама вырашылі што «прыйшоў іх час» і самаарганізаваліся ў раёне Мазыра, Гомеля, Калінкавічаў ды рушылі ў бок Менску, каб знесці нарэшце гэты багамерзкі рэжым «ерэтыкоў».
І так гэта ў іх удала першы час выходзіць, што цэнтральнай уладзе прыйшлося зладзіць некаторую колькасць авіяналётаў на Гомель, ну а Мазыр апынуўся практычна змецены з твару зямлі.
І гэта яшчэ не ўсё... У давяршэнне карціны, гаспадар (ну не называць жа яго ўсур'ёз прэзідэнтам) суседняй краіны таксама вырашыў, што «вось менавіта цяпер», і на падставе абароны нацыянальна блізкага яму насельніцтва таксама ўвёў войскі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласць.
Уявілі? Як вам?
І гэтая вакханалія працягваецца не год і не два. Доўжыцца яна ўжо 13 гадоў, і нягледзячы на тое, што Пуцін заявіў яшчэ ў 2018-м, што ён кагосьці там у Сірыі «перамог», стан справаў ад такой «перамогі» ніяк не змяніўся. Прыйшлося аддаць яму 2 ваенныя базы і ўсё.
,,Таму, вядома, не крый божа ад такіх перамогаў са зруйнаванай гаспадаркай, краінай, з дзясяткамі тысяч загінулых і мільёнамі вымушаных перасяленцаў.
Але ёсць і нешта сапраўды падобнае.
Па-першае, прэзідэнт Сірыі, які цяпер уцёк, гэта такі мясцовы варыянт Колі Лукашэнкі. Бацька Башара Асада, які прыйшоў да ўлады ў выніку бяскроўнага ваеннага перавароту ў 1970-м (дагэтуль ў Сірыі за 34 гады здарыўся 21 прэзідэнт) рыхтаваў спадчынніка яшчэ з сярэдзіны 1980-х, і ў 1992 годзе ім стаў Башар. Улада яму дасталася пасля смерці бацькі ў 2000-м.
Па-другое, гэты наследны прынц заўсёды перамагаў на выбарах. І не проста перамагаў. З 2000 года волевыяўлення народу пыталі чатыры разы, апошні раз у 2021 годзе, і кожны вынік быў больш чым пераканаўчым: 2000 год – 99,7%; 2007 – 99,8%; 2014 – 88,7%; 2021 – 95,2%.
Вось у гэтым месцы, нягледзячы на ўсе гістарычныя, рэгіянальныя, рэлігійныя і сямейныя адрозненні (у Башара ёсць нармальная афіцыйная жонка) усё ж такі прарастае цалкам канкрэтнае падабенства.
,,Яшчэ 3 гады таму цябе, мяркуючы па афіцыйных звестках ЦВК, падтрымлівае 95,2% уласнага народу, а сёння неяк раптам гэтыя няшчасныя, мізэрныя, маргінальныя 4,8% уваходзяць у сталіцу і чамусьці не відаць на вуліцах гэтых шматтысячных натоўпаў, гатовых стаць грудзьмі ў тваю абарону.
Куды яны ўсе падзеліся? Бо яшчэ ж учора... Мае быць вельмі крыўдна.
Там жа, напэўна, свой «марафон адзінства» праводзілі, як думаеце?
P. S. Ёсць у мяне ўнутранае адчуванне, што рахункаводы ад Лукашэнкі 26 студзеня не ўтрымаюцца і такі намалююць яму 90+%, чым зробяць сітуацыю яшчэ больш падобнай…
belsat.eu / ЮК