Літоўскія памежнікі не пусцілі ў Літву праз памежны пункт Мядзінінкай грамадзяніна Беларусі, які ўпрыгожыў свой аўтамабіль налепкаю з выяваю Савецкага Саюзу і сімваламі сярпа і молата.
16 снежня літоўскія памежнікі адмовілі ва ўездзе 33-гадоваму грамадзяніну Беларусі. Ён прыгнаў са сваёй краіны аўтамабіль Peugeot Partner з беларускімі нумарамі. На лабавым шкле, на бачным месцы, былі прымацаваныя і выстаўленыя на ўсеагульны агляд серп і молат, намаляваныя чырвоным контурам тэрыторыі СССР. У Літве закон забараняе адлюстраванне такой сімволікі.
Пасля гэтага беларус вярнуўся ў сваю краіну на аўтамабілі.
Памежныя органы Літвы адзначаюць, што падобныя выпадкі, калі ў Літву спрабуюць трапіць аўтамабілі ці нават чыгуначныя вагоны з забароненай савецкай або расейскай сімволікаю, адбываюцца ўсё часцей. Напрыклад, у верасні памежнікі не прапусцілі ў Літву 50-гадовага грамадзяніна Расеі, які на лабавым шкле кабіны цяжкавіка на бачным месцы замацаваў георгіеўскі сцяг.
А ў кастрычніку на КПП Кяна з Беларусі прыйшоў транзітны цягнік Масква – Калінінград. На яго вагонах памежнікі заўважылі надпісы, зробленыя чорнай фарбаю: Z, ZOV і «Вільня – горад Расеі». Літоўскія службоўцы прымусілі начальніка і персанал цягніка прыбраць надпісы, іначай вагоны адчапілі б і не пусцілі на тэрыторыю Літвы.
Якуб Хруст belsat.eu