Падрыў раніцаю 17 снежня начальніка войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сілаў РФ генерал-лейтэнанта Ігара Кірылава ёсць спецаперацыяю Службы бяспекі Украіны.
Суразмоўца «Української правди» ў спецслужбах паведаміў, што самакат з выбухоўкаю быў узарваны, калі Ігар Кірылаў з памочнікам заходзілі ў пад’езд дому на Разанскім праспекце ў Маскве.
,,«Кірылаў быў ваенным злачынцам і абсалютна законнай цэллю, бо аддаваў загады ўжываць забароненую хімічную зброю супраць украінскіх вайскоўцаў», – сказаў суразмоўца выдання.
Следчы камітэт Расеі скваліфікаваў забойства начальніка войскаў РХБА Кірылава як тэракт. Крымінальную справу расследуюць паводле прыкметаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 105, 205 і 222 Крымінальнага кодэксу РФ.
Чорная метка генералу
Напярэдадні забойства Кірылава Служба бяспекі Украіны паведаміла пра падазрэнне яму за «масавае ўжыванне рашыстамі забароненай хімічнай зброі супраць сілаў абароны на ўсходнім і паўднёвым франтах Украіны».
Як заяўлялася, на загад Кірылава з пачатку поўнамаштабнай вайны зафіксавана больш за 4,8 тыс. выпадкаў ужывання ворагам хімічных боепрыпасаў. У прыватнасці, вядзецца пра баявыя гранаты «К-1», начыненыя атрутнымі рэчывамі раздражняльнага дзеяння CS і CN. Іх выкарыстанне забароненае міжнароднай Канвенцыяй аб забароне распрацоўвання, вытворчасці, ужывання хімічнай зброі і аб яе знішчэнні ад 13 студзеня 1993 года.
Адзначалася, што з 2022 года ў выніку ўздзеяння расейскай хімічнай зброі былі шпіталізаваныя больш як 2 тыс. украінскіх вайскоўцаў.
На падставе сабраных доказаў следчыя СБУ завочна паведамілі Кірылаву пра падазрэнне паводле ч. 2 арт. 28, ч. 1 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Украіны («Ваеннае злачынства, здзейсненае паводле папярэдняй змовы групай асобаў»).
У кастрычніку 2024 года Вялікая Брытанія ўвяла супраць Кірылава санкцыі за ўжыванне хімічнай зброі. Пры гэтым сам расейскі генерал вінаваціў у гэтым украінскі бок.
Нагадаем, што раніцаю 17 снежня прагрымеў выбух на Разанскім праспекце ў Маскве. Як выявілася, у выніку яго загінуў генерал-лейтэнант войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны ВС РФ Ігар Кірылаў. Паводле выдання, разам з Кірылавым загінуў ягоны кіроўца Ілля П., які прыехаў па начальніка, каб адвезці на працу.
Якуб Хруст belsat.eu