На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 464 ад 13 снежня «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў». Згодна з дакументам, былі звольненыя сямёра суддзяў.
Пяцёра суддзяў звольненыя ў сувязі з выхадам у адстаўку (суддзя Менскага абласнога суда Святлана Ганчар, суддзі Віцебскага абласнога суда Яўген Даўлюд і Марына Вострыкава, суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў, суддзя Гарадзенскага абласнога суда Васіль Скок). Суддзю Мастоўскага раёну Надзею Саўко звольнілі ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў, а старшыню суда Хойніцкага раёну Юрыя Крыкуна – на ўласнае жаданне.
Паводле сайту Грамадзянскага кантролю судовай сістэмы, Крыкун і Вострыкава – адзіныя са звольненых суддзяў, у дачыненні якіх невядома пра палітычныя прысуды. Хоць, напрыклад, пастановы ў палітычных справах выносіў падначалены Крыкуна Андрэй Кардаш.
Адносна ўсіх астатніх вядома пра вялікую колькасць палітычных судоў з не заўсёды вядомымі пастановамі. Гэтак, Скок старшыняваў прынамсі ў 27 судовых працэсах паводле палітычных артыкулаў, Даўлюд – у 14, Котаў – у дзевяці, Саўко – у адным. Суддзя Ганчар выносіла палітычныя прысуды яшчэ ў 2005-2006 гадах.
Нагадаем, што 16 снежня сталася вядома, што санкцыйны спіс Еўразвязу папоўніўся шэрагам прозвішчаў беларускіх суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя выракі. Акрамя таго, у яго на прапанову НАУ ўнесеныя працаўнікі пенітэнцыярных установаў Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu