Магутны землятрус магнітудаю 7,3 зафіксаваны ў Вануату 17 снежня. Ён пашкодзіў некалькі будынкаў, у тым ліку амбасаду Злучаных Штатаў у сталіцы краіны Порт-Віле.
Як паведамляе Геалагічная служба ЗША, землятрус глыбінёю каля 57,1 кіламетра і магнітудаю 7,3 узрушыў ціхаакіянскую астраўную дзяржаву неўзабаве пасля поўдня паводле мясцовага часу.
Кейці Грынўуд, рэгіянальная кіраўніца Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, заявіла, што паступілі «паведамленні пра разбурэнні ў сталіцы». Як піша CNN, у выніку шматлікія пашкоджанні былі нанесеныя будынку, у якім месціцца амбасада ЗША, адна секцыя першага паверху будынку часткова абрынулася.
Пасля землятрусу сайты ўраду Вануату былі адключаныя, а тэлефонныя нумары паліцыі ды іншых дзяржаўных установаў не працавалі.
Паведамлялася пра пагрозу цунамі, але затым яна была скасаваная.
Вануату – ціхаакіянская дзяржава, размешчаная на групе з 80 астравоў, на якіх жывуць каля 330 000 чалавек.
Якуб Хруст belsat.eu