Пачатак перадапошняга тыдню снежня адзначыўся навінамі пра чарговы рэйд КДБ па сем’ях палітвязняў, а таксама пра шэраг палітычна матываваных судоў. Падрабязней – у нашым аглядзе.
19 снежня 2024 года ў судзе Віцебскага раёну ў трэці раз будуць судзіць былога палітвязня 70-гадовага жыхара вёскі Хатоля Віцебскага раёну Аляксандра Патапава. Мужчыне інкрымінуецца «распаўсюд экстрэмізму».
Працэс узначаліць суддзя Таццяна Лабацкая. Мінулым разам яна судзіла Аляксандра тыдзень таму, 12 снежня. Пазамінулы суд над вяскоўцам адбыўся 31 кастрычніка. Судзіў яго суддзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня.
Аляксандр Патапаў быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках». Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіеву загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі. Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.
У Оршы 16 снежня праходзіў цэлы шэраг адміністратыўных судоў па «экстрэмісцкіх» артыкулах, паведамляе тэлеграм-канал @orshaeu. Працэсы праходзяць у РАУСе. Сярод пакаранняў як штрафы, так і «содні».
Судзілі людзей розных узростаў, у тым ліку і вельмі маладых, якім на выгляд няма 18 гадоў.
16 снежня другі раз судзілі аршанца Станіслава Лазоўскага. Яго арыштавалі пару тыдняў таму і асудзілі на 15 содняў. Але мужчына так і не з'явіўся на волі, а ў панядзелак, 16 снежня, быў заўважаны ў аршанскім РАУСе

Маці палітзняволенай Юліі Лаптановіч Таццяну Васільеву 16 снежня пачалі судзіць за інтэрв'ю «Белсату». Працэс праходзіць у Берасцейскім абласным судзе пад кіраўніцтвам суддзі Мікалая Сянько.
Таццяну затрымалі ў Пружанах 27 жніўня. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» у 2021 годзе. Жанчыну ўтрымліваюць у берасцейскім СІЗА-7.
Вядома таксама, што Таццяну затрымлівалі ў студзені 2024 года падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням, а ў лютым асудзілі паводле ч. 2 ст. 24.15 КаАП за «атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі». Яе дачка – шматдзетная Юлія Лаптановіч – утрымліваецца за кратамі больш за 3 гады. Муж Юліі, якога таксама асудзілі па палітычнай справе, летась цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю.
Удзельніка «X-фактара», 44-гадовага Армена Арзуманяна, ураджэнца Азербайджану, 16 снежня пачалі судзіць у Менскім гарадскім судзе за «заклікі да санкцыяў» і «паклёп на Лукашэнку». Працэс узначальвае суддзя Яўген Пісарэвіч.
Амаль усё жыццё Армен пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на «X-фактары» – спачатку ў 2018 годзе ва Украіне, а пасля ў 2021 у Беларусі.
Айцішніку Аляксею Навагродскаму, асуджанаму за «здраду дзяржаве», хочуць узмацніць пакаранне. Мужчыну затрымалі напрыканцы 2022 года, асудзілі да пазбаўлення волі ў снежні 2023-га. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 («Здрада дзяржаве»). Тэрмін палітвязень адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. 18 снежня адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Андрэя Літвіна палітвязня могуць перавесці ў турму.
16 снежня з'явілася інфармацыя пра чарговую хвалю затрыманняў родных палітзняволеных, якія адбыліся падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ. Сілавікі прыходзілі да сваякоў палітвязняў, а таксама да тых, хто ўжо вызваліўся, апытвалі, праводзілі ператрусы, забіралі тэхніку і банкаўскія карткі, некаторых затрымалі. Імаверна, справа зноў у атрыманні дапамогі для палітычных зняволеных.

26 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску пачнецца суд над Аляксандрам Аполькам – дырэктарам сеткі будаўнічых крамаў «Мацярык». Яму інкрымінуецца «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Працэс будзе ўзначальваць суддзя Іна Сівец.
Апольку затрымалі ў жніўні бягучага году. «Мацярык» – сетка будаўнічых гіпермаркетаў у чатырох гарадах Беларусі – Менску, Берасці, Горадні і Віцебску.
Марыя Міхалевіч belsat.eu