Беларуская мова знікае не толькі з шыльдаў з назвамі вуліц, з рэкламы ці друкаванай прадукцыі – меркаваныя носьбіты мовы яе таксама забываюць ці нават не ведаюць. На гэтую праблему звярнулі ўвагу ў беларускім TikTok.
У TikTok распаўсюдзілася відэа, як мужчына размаўляў з працаўніцай прыдарожнай кавярні на беларускай мове:
«Ці можна ў вас кола напампаваць?»
«Яшчэ раз?»
«Кола напампаваць можна?»
«Памяняць? Манеткі?»
Дыялог адбыўся ў адной з прыдарожных кавярняў сеткі «Заўжды цікава». Хоць шыльда на краме і на беларускай мове, прадавачка пытанне зразумела толькі пасля перакладу.
Відэа ў TikTok сабрала больш за сямсот каментароў:
«Я б таксама перапытала, потым дапяла».
«Дажыліся».
«Сваёй мовы не ведае, і гэта вялікая праблема па ўсёй краіне».
«Я таксама падумаў, што "Колы" хоча бясплатнай».
«Не дзіва, народ з запаланеннем расейскай мовы паўсюль пачаў забываць родную мову!»
Сапраўды, менш стала тэатральных пастановак і забаўляльных імпрэзаў на мове тытульнай нацыі. Недзяржаўныя арганізацыі, што папулярызавалі нашую мову, улады ліквідавалі, як Таварыства беларускай мовы ці Саюз беларускіх пісьменнікаў. А іх актывісты зазналі рэпрэсіі.
,,«Нават у публічнай прасторы размаўляць па-беларуску ў некаторай ступені небяспечна, таму што былі выпадкі, калі гэта звяртала ўвагу сілавікоў дзесьці на вуліцы і людзей затрымлівалі», - адзначае вядоўца праграмы «Мова нанова» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч.
Няспынна пагаршаецца і сітуацыя з беларускай як мовай навучання. Да прыкладу, калі ў 2005-2006-м навучальным годзе кожны чацвёрты школьнік навучаўся па-беларуску (23,3 %), то летась – толькі кожны дзясяты (10 %). І хоць улады дэкларуюць, што большасць школаў у Беларусі беларускамоўныя, пераважна гэта маленькія вясковыя школы.
,,«Каб разумець агулам, дзе русіфікацыя большая, дзе меншая, на якія рэгіёны трэба больш звярнуць увагу, я вырашыў звярнуцца ў кожны раён Беларусі, у кожны раённы цэнтр, а таксама ў абласныя цэнтры і ў вялікія гарады з пытаннем, колькі канкрэтна дзяцей вучыцца па-беларуску ў Беларусі», – распавядае праваабаронца Ігар Случак.
З адказаў, якія атрымаў Ігар Случак, вынікае, што калі на Піншчыне дзве траціны школьнікаў вучацца па-беларуску, то ў Верхнядзвінскім раёне – гэта толькі адзін з 70-ці школьнікаў. Пры гэтым не заўсёды мясцовыя ўлады ахвотна дзеляцца інфармацыяй.
«Шмат хто гэтую статыстыку не дае, спасылаючыся на тое, што яна не закранае наўпрост мае правы і законныя інтарэсы, ці на тое, што статыстыка ёсць у вольным доступе. Але ў адкрытым доступе няма інфармацыі, дзе сказана колькі канкрэтна дзяцей вучыцца на беларускай мове. Калі яна можа быць і ёсць, то непадрыхтаваны чалавек яе знайсці не можа», - кажа Ігар Случак.
Як жа пры адсутнасці шырокай беларускамоўнай адукацыі вучыць дзяцей ці самім развіваць мову? Віктар Шукеловіч раіць глядзець на «Белсаце» не толькі праграму «Мова нанова». Тут можна знайсці праграмы на кожны густ на роднай мове – ад дакументальных і дзіцячых фільмаў да гістарычных і забаўляльных праграмаў.

Важнай крыніцай мовы застаюцца і кнігі.
,,«Можна ўвогуле адкрываць лонг- і шорт-лісты прэміі імя Гедройця, і глядзець якія кнігі ўжо прашлі так званы першасны адбор крытыкаў, знаўцаў, выбіраць і чытаць. З'явілася таксама шмат перакладаў замежнай літаратуры», - пералічвае Віктар Шукеловіч.
У сённяшняй сітуацыі кнігавыдаўцы працягваюць выдаваць літаратуру на беларускай мове за межамі краіны. Менавіта выдаўцы беларускіх кніг сталі сёлета лаўрэатамі сімвалічнай прэміі «Людзі Cвабоды – 2024».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Ірына Дарафейчук, «Белсат»