У Беларусі і суседніх краінах з 15 на 16 снежня моцны вецер выклікаў сапраўдны «ялінкапад».
Вядома пра паваленыя святочныя дрэвы ў Заслаўі і Горадні. У Заслаўі ўпала ялінка на Рынкавай плошчы. У Горадні тры ялінкі: на вуліцы Паповіча, у мікрараёнах Вішнявец-4 і Грандзічы.
«Ялінкапад» адбыўся і ў Літве: паведамленні пра паваленыя калядныя дрэвы прыйшлі з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку з Ковенскага і Клайпедскага раёнаў. У горадзе Гаргждай Клайпедскага раёну ялінка не ўпала, а зламалася. У самой Клайпедзе былі пашкоджаныя святочныя інсталяцыі. Парывы ветру там дасягалі 31 м/с.
Пра паваленую ветрам ялінку паведамляюць таксама польскія медыі: адбылося гэта ў паселішчы Касьцежын у Лодзінскім ваяводстве.
Моцны вецер захаваецца ў Беларусі ды суседніх краінах і ў аўторак, 17 снежня.
На большай частцы нашай краіны сіноптыкі абяцаюць парывы паўночна-заходняга ветру да 15–20 м/с.
Марыя Міхалевіч belsat.eu