У Віцебску поўнаю хадою ідзе разбор з нагоды буйнога пажару ў ГЦ «Беларусь», у выніку якога пацярпелі 20 чалавек. Аднак аказалася, што МНС правярала гандлёвыя цэнтры Віцебшчыны ў 2018 годзе, а ўладальнік ГЦ «Беларусь» казаў, што стаміўся ад гэтага і што яму прыходзіцца расплочвацца за «разгільдзяйства, якое адбылося ў Расеі».
Пасля трагедыі ў расейскім Кемераве ў 2018 годзе, калі падчас пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» загінулі 60 чалавек, сярод якіх было 37 дзяцей, улады Беларусі пастанавілі масава праверыць гандлёвыя цэнтры ў краіне, каб не дапусціць падобнай трагедыі ў Беларусі.
Асаблівая ўвага была нададзеная інспектаванню гандлёвых цэнтраў Віцебску, ладная частка якіх належыць менавіта Віктару Вялюгу (сярод іх «Беларусь», «Мега», «Мішэль», «Пасаж», «Еўропа», «Кантынент», культурна-забаўляльныя цэнтры «Энергія» і «Планета»).
,,«Мне належыць шмат буйных гандлёвых і дзелавых цэнтраў у Віцебску, і, шчыра кажучы, я крыху стаміўся, паколькі для мяне гэтыя правяранні доўжацца ўжо некалькі дзён. Нам даводзіцца расплачвацца за разгільдзяйства, якое адбылося ў Расеі», – скардзіўся тады Віктар Вялюга.
Раённыя і рэспубліканскія выданні тады давалі падрабязныя справаздачы пра тое, як праводзіліся правяранні. Гэтак, падчас інспекцыі гандлёвага цэнтру «Мега» Віктар Вялюга казаў, што ў будынку выкарыстаныя літыя жалезабетонныя перакрыцці таўшчынёй 22 сантыметры, якіх «напалм не прапаліць».
«Акрамя таго, матэрыялы, з якіх мы будавалі цэнтр, процізгаральныя, тут вогнішча разводзіць можна!» – прыводзілі журналісты ягоныя словы.
Адметна, што пажар у ГЦ «Беларусь», які адбыўся 13 снежня, давялося тушыць пяць гадзінаў з удзелам 90 супрацоўнікаў МНС. Асноўнаю складанасцю пры тушэнні агню называлі тое, што ў будынку была вялікая колькасць драўляных канструкцыяў і пластыку.

Тады, у 2018-м, Віктар Вялюга сцвярджаў, што пры будаўніцтве трэба выконваць пэўныя тэхнічныя ўмовы, без выканання якіх не ўдасца ўвесці будынак у эксплуатацыю. Таму ён быў упэўнены, што «такога, як у Расеі, у нас дакладна не адбудзецца».
Вядома, што праводзілася правяранне і ў ГЦ «Беларусь». У той жа час трэба адзначыць, што пра нейкія парушэнні падчас правярання тады не паведамлялася. Журналісты адно звярнулі ўвагу, што ў гандлёвым цэнтры не ўсюды былі добра чутныя гукі супрацьпажарнай сігналізацыі.
ГЦ «Беларусь» – гэта будынак 1972 года, у якім спачатку быў кінатэатр. Перапланаванне яго пад гандлёвы цэнтр пачалося ў 2006 годзе.
Сёння, 16 снежня, у Віцебску адбылася нарада з нагоды пажару ў ГЦ «Беларусь», у якой узяў удзел кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.
Падчас гэтай нарады Крутой адзначыў, што ад арандатараў ГЦ «Віцебск» паступалі скаргі, аднак на іх ніхто не рэагаваў. Таму гэтыя пытанні будуць дэталёва вывучацца. Было агучана, што паўставалі праблемы з сістэмай электразабеспячэння аб’екту, шматлікімі несанкцыянаванымі перапланаваннямі крамаў, дзе працавалі арандатары, а таксама парушэннямі ў фінансава-эканамічнай дзейнасці.
Крутой назваў недапушчальным той факт, што цягам доўгіх гадоў, асабліва пасля 2020 года, калі ў гэтым цэнтры ўжо адбыўся інцыдэнт з пажарам халадзільнага абсталявання, не былі прынятыя неабходныя захады для ліквідацыі парушэнняў у сістэме пажаратушэння і належным функцыянаванні сэнсараў бяспекі.
Падчас нарады Дзмітрый Крутой сказаў, што гандлёвы цэнтр, хутчэй за ўсё, будзе знесены.
Нагадаем, што 13 снежня ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» адбыўся пажар. Адтуль эвакуявалі больш за 200 чалавек, работнікі МНС пры дапамозе вышыннай тэхнікі выратавалі шэсць чалавек і чацвярых вывелі з памяшканняў пры дапамозе масак. Плошча пажару склала 2000 квадратных метраў.
У выніку пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску пацярпелі 20 асобаў, з іх адна жанчына ў рэанімацыі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu