У Бруселі падчас Дзён Беларусі сястра палітзняволенай Машы Калеснікавай – Таццяна Хоміч – выказала думку пра паслабленне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў абмен на вызваленне палітычных вязняў. Цікава: гэта думка ўласна прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ці тое, чаго жадае чуць і патрабуе Еўразвяз? І што далей? Будзем перагортваць старонку?
1281. Толькі я нагадаю, што колькасць палітычных вязняў фактычна застаецца практычна нязменнаю. Яна – стабільна высокая. Выпускаючы адных, садзяць іншых. А рэжым аніяк не дэманструе нават жадання саступаць. Ці мы нечага не ведаем? Еўразвяз занепакоены. Санкцыі абыходзяцца. Амаль мільён беларусаў спрабуюць наладзіць жыццё па-за Беларуссю.
А што з тымі, хто застаўся? Гэта яны ў бесперапынным страху, што могуць прыйсці, забраць, пасадзіць. Гэта ім не даюць спакою, нават калі, падавалася б, ужо адбыў пакаранне.
10 снежня у Пінскім раёне скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава. Прычына? Жанчыну некалькі разоў асудзілі паводле гэтак званых экстрэмісцкіх артыкулаў. І проста не давалі спакою. Мясцовыя карнікі-міліцыянты, як зграя, абралі сабе ахвяру і не адпускалі. Жудасна: канчаткова свабодным у такой дзяржаве можна быць толькі нябожчыкам. Хаця лукашэнкаўскія ваўкалакі не грэбуюць і мерцвякамі. Цягнуць на лаву падсудных і памерлых.
Нехта адкажа? А можа, нейкага міліцыянта, які цкаваў жанчыну, замучыць сумленне? Сумняваюся. Ім яшчэ і зорачку дадуць. А чалавека няма. Тут пытанне: колькі яшчэ такіх беларусаў, даведзеных да адчаю?
Выпадак жа не першы. 25 траўня 2021-га скончыў з жыццём 17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі. Няпоўнагадовы хлопец не вытрымаў ціску. Быў фігурантам крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках». Маладзён перад трагедыяй напісаў допіс: «Віной таго стаўся Следчы камітэт». Але стаіць Карфаген і не паў. Ён можа толькі быць разбураны.
Карнікі ў пагонах дзеюць. А іхныя ахвяры быццам бы незаўважныя. Толькі вось іхныя ахвяры сёння – увесь беларускі народ, які трымаюць у пакоры і страху любымі шляхамі.
І як напамін пра гэта з нейкаю сумнаю перыядычнасцю з’яўляюцца чарговыя і чарговыя смяротныя іхныя ахвяры. Крыважэрны Малох патрабуе яшчэ. Адказнасці ж няма, то чаму б і не. Гэта на сайце dissidentby.com на нас глядзяць закатаваныя, пакінутыя без дапамогі, збітыя, даведзеныя да адчаю – ахвяры рэжыму. Разам са Святланай Круцікавай іх ужо трыццаць. І няма гарантыяў, што спіс поўны. Тры дзясяткі жыццяў. Ад сямнаццаці да шасцідзесяці трох, большасць – маладыя і актыўныя. Перагортваем старонку. А што рабіць з гэтымі ахвярамі? Дараваць?
Дараваць можна таму, хто хаця б каецца. Лукашэнка і ягоныя памагатыя прагнуць яшчэ больш крыві і яшчэ больш ахвяраў. І гэта не проста мае словы – гэта іхныя дзеянні.
А ці прозвішча Таццяны Круцікавай, даведзенай да самагубства ў Пінскім раёне, вядомае еўрапейскім палітыкам? Ці ейная ахвяра – толькі пусты крок адчаю, і няма ані вінаватых, ані абураных? Колькі такіх ахвяраў яшчэ патрэбна? І ці гэта не тое, з чым мы і самі звыкліся, паківалі галавой – ды пабеглі па сваіх справах? Ці для нас, беларусаў, гэта істотна?
Як і тое, што карнікі пайшлі далей нішчыць беларусаў. Будзе новы дзень і будуць новыя ахвяры. За што? А так – бо могуць. Ці можна дамаўляцца з катам, які толькі і ўмее што забіваць і гвалціць? Паспрабуйце ўвайсці ў клетку з галоднымі львамі. І гэта зусім не біблейская гісторыя.
belsat.eu