Еўразвяз прыняў чарговы пакет санкцыяў, у які ўключаныя 54 асобы і 30 кампаніяў з Расеі, Кітаю і КНДР. Санкцыі накіраваныя ў тым ліку на так званы ценявы флот – танкеры, што перавозяць нафту з Расеі.
Гэты пакет дапаўняе ўжо існы спіс новымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ды накіраваны супраць арганізацыяў у Расеі і ў іншых краінах за яе межамі, якія ўскосна спрыяюць вайсковаму і тэхналагічнаму ўзмацненню Расеі шляхам абыходу экспартных абмежаванняў.
Згодна з гэтым пакетам, больш як 50 танкерам расейскага «ценявога флоту» будзе забаронена ўваходзіць у парты ЕЗ і карыстацца паслугамі еўрапейскіх кампаніяў.
Паводле крыніцаў украінскага ГУР, у «ценявы флот» Расеі ўваходзіць каля 238 караблёў. Гэта састарэлыя танкеры без належнага страхавання, якія маюць заблытаную структуру ўласнасці, швартуюцца ў сяброўскіх РФ юрысдыкцыях і складаюць каля 17 % сусветнага флоту нафтавых танкераў. З іх дапамогай Расеі ўдаецца абыходзіць санкцыі і зарабляць мільярды долараў на экспарце нафты. У чэрвені Еўразвяз ужо ўвёў санкцыі супраць 20 расейскіх караблёў.
Узгадніць гэты пакет санкцыяў краінам ЕЗ удалося толькі з чацвёртага разу. У той жа час гучала інфармацыя, што рыхтуецца чарговы, яшчэ больш шырокі пакет санкцыяў, які будзе прымеркаваны да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну.
Раман Шавель belsat.eu