«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 16 снежня чытайце ў нашым матэрыяле.
Сітуацыя на паўночным усходзе
Цягам мінулага тыдня працягваліся актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Курскай вобласці РФ, адкуль расейскія вайскоўцы намагаюцца выбіць праціўніка. Пры гэтым асноўная ўвага была засяроджаная на ўсходзе Суджанскага раёну, дзе яны істотна прасунуліся ў ваколіцах раней занятага сяла Плехава і перасяклі дзяржаўную мяжу з Украінай, у выніку чаго стварыліся невялікі плацдарм на тэрыторыі Сумскай вобласці.
Акрамя гэтага расейцы пачалі рух з поўначы ад Плехава і перавялі ў так званую шэрую зону тэрыторыі каля сяла Махноўка. Гэты населены пункт фактычна з’яўляецца прыгарадам Суджы, што пагражае хуткім пачаткам баёў за горад. Між тым больш верагодным варыянтам пакуль бачацца далейшыя спробы развіць поспех на захад, у выніку чаго ўдасца абысці горад з поўдня, пасля чаго пачаць яго атачэнне з захаду.
У гэты ж час асобныя прарасейскія крыніцы мяркуюць, што неўзабаве самыя Збройныя сілы Украіны рыхтуюцца да новага наступу на Курскую і Белгародскую вобласці. У прыватнасці, гаворыцца, што ўкраінцы незаўважна перакінулі ў памежныя раёны каля 13 тысяч вайскоўцаў, акрамя таго звяртаецца ўвага на фіксацыі перамяшчэння цяжкай тэхнікі і авіяцыі для ЗСУ па тэрыторыі Еўропы.
На купянскім кірунку (паўночны ўсход Харкаўскай вобласці) расейцы цягам тыдня паступова павялічвалі сваю прысутнасць на левым беразе ракі Аскіл у ваколіцах сяла Масютаўка, у выніку чаго змаглі расшырыць плацдарм па флангах і распачаць баі за пасёлак Дварычна. Аднак больш небяспечным у гэтай сітуацыі бачыцца не столькі небяспека страты населенага пункту, колькі далейшы рух УС РФ на поўдзень, у выніку чаго яны могуць атачыць з паўднёвага захаду больш стратэгічна важную цэль – Купянск.
На поўдні кірунку расейцы сур’ёзна прасунуліся паралельна сёлам Лазавая і Зялёны Гай. Такім чынам яны зноў стараюцца абысці ўмацаваныя пазіцыі абароны праціўніка. Акрамя гэтага далейшы рух на захад пагражае чарговым выхадам да ракі Аскіл, што дазволіць разбіць плацдармы ЗСУ на левым беразе на яшчэ больш дробныя.

Сітуацыя на Данбасе
На поўначы Данецкай вобласці увагі патрабуе сітуацыя ў ваколіцах гораду Часаў Яр, дзе расейцы павольна, але паступова займаюць ключавыя аб’екты і прасоўваюцца на захад, што неўзабаве пагражае поўным заняццем населенага пункту і далейшым рухам у бок Канстанцінаўкі. У сваю чаргу кантролькі над апошнім горадам крытычна важны для ЗСУ, паколькі цераз яго праходзіць галоўная транспартная артэрыя ўкраінцаў на поўначы Данбасу.
На тарэцкім кірунку асноўныя баі цяпер лакалізуюцца ў аднайменным горадзе, прыблізна палова якога ўжо знаходзіцца пад кантролем расейцам. За апошні тыдзень сярод значных дасягненняў УС РФ варта вылучыць амаль поўнае заняцце выступу на паўднёвым усходзе агламерацыі з далейшым рухам у бок Нялепаўкі. Разам з тым у асноўным пакуль Збройным сілам удаецца ўтрымліваць флангі, што вымушае праціўніка ўвязвацца ў цяжкія гарадскія баі.
У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці становішча ЗСУ выглядае больш крытычным.
Так, на пакроўскім кірунку расейцы паступова набліжаюцца да аднайменнага гораду з поўдня, да якога застаюцца ўжо лічаныя кіламетры. Пакуль украінцам удалося часова спыніць праціўніка ў сяле Шаўчэнка, пасля чаго войскі РФ звярнуліся да сваёй ужо традыцыйнай тактыкі абыходу пазіцыяў ЗСУ з флангаў – рух фіксуецца на захадзе і ўсходзе ад Шаўчэнкі.
Аналагічным чынам УС РФ паступілі і на захадзе кірунку, дзе, упёршыся ў арганізаваную абарону ўкраінцаў ў сяле Наватроіцкае, пачалі яго абыходзіць з поўдня. Імаверна, адсюль расейскае камандаванне плануе пачаць атачэнне Пакроўску з захаду. Акрамя гэтага існуе верагоднасць таго, што войскі РФ будуць рухацца далей у бок мяжы з суседняй Днепрапятроўскай вобласцю.

На курахаўскім кірунку расейцам удалося амаль цалкам зачысціць выступ з поўдня ад аднайменнага гораду, і цяпер ім застаецца толькі заняць вузкі калідор паміж сёламі Успенаўка і Канстанцінопальскае.
Паралельна працягваецца рух расейцаў і ў самім Курахаве, дзе, імаверна, абарона ўкраінцаў змясцілася ў прамысловую зону на захадзе.
Пры гэтым выглядае на тое, што пакуль расейцы не плануюць атачаць горад, на што ўказваюць спробы прасунуцца на захад ад сяла Старыя Церны (на паўночным захадзе ад Курахава). Інакш, назіраўся б рух на поўдзень у бок трасы Данецк – Запарожжа.
На ўрэмаўскім кірунку (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) войскам РФ зноў удалося зачапіцца за частку сяла Новы Камар, адкуль яны раней былі выбітыя сіламі абароны Украіны. Кантроль над гэтым населеным пунктам важны ў плане далейшых баёў за суседні пасёлак Вялікая Навасёлка.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu