Ужо пайшоў трэці тыдзень, як групоўка «Хаят Тахрыр Аш-Шам» пачала ў Сірыі паспяховы наступ на пазіцыі лаяльных ужо экс-кіраўніку краіны Башару Асаду сілаў. Сам Асад уцёк у Расею, а што цяпер адбываецца ў Сірыі? Там ідзе выбудоўванне новай сістэмы ўлады, не прымаюць грошы з выявай Асада і апынуліся дасяжныя звесткі пра жудасныя рэпрэсіі рэжыму Асада. Пра гэта «Белсату» паведаміла журналістка «Radiotelevisione italiana» Аззурра Мерынголо.
«Знак рэальнага краху рэжыму»
Атака на рэжым Башара Асада ў Сірыі пачалася 27 лістапада. За некалькі дзён былі захопленыя найбуйнейшыя гарады краіны, затым паўстанцы захапілі тэлебачанне і заявілі пра кантроль над Дамаскам. Стала вядома, што Башар аль-Асад уцёк з краіны. Паўстанцы назвалі гэта «канцом эры несправядлівасці».
Аззурра Мерынголо прыехала ў Сірыю 8 снежня, калі Асад ужо пакінуў краіну.
,,«Калі я праходзіла мяжу – я заязджала з ліванскага боку – я не пабачыла нікога на мяжы з сірыйскага боку. Для мяне гэта было першым знакам рэальнага краху гэтага рэжыму.
На дадзены момант большая частка краіны знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў, якія ўяўляюць сабой аб'яднанне з розных груповак. Гэта не адна група, а аб'яднанне некалькіх групаў, якія разам спрабуюць арганізаваць жыццё і трансфармавацца з джыхадысцкага руху ў сапраўдную інстытуцыю», – распавядае Аззурра Мерынголо.
Яна кажа, што паўстанцы вырашылі стварыць пераходны ўрад, які будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў. А пасля гэтага сфарміраваць больш шырокі ўрад, які будзе ўключаць розныя іншыя ўзброеныя групоўкі ўнутры Сірыі.
«Нядаўна стала вядома, што дзеянне парламенту і канстытуцыі былі прыпыненыя, а лідар паўстанцаў Аль-Джулані абвясціў новыя выбары, – працягвае журналістка. – Мы зараз у Алепа, і па дарозе з Дамаска, бачылі, як расійскія войскі рухаюцца — перамяшчаюцца з адной часткі Сірыі ў бок узбярэжжа, дзе знаходзяцца іх базы – "Хмеймім", "Тартус" і "Латакія". Гэта азначае, што яны думаюць пра пераарганізацыю.
Мы таксама бачылі самалёты, якія прыбывалі на гэтыя базы, каб забраць і вывезці людзей і ваеннае абсталяванне. На дадзены момант вядома, што Расея адводзіць войскі».
Раней журналісты заўважылі па спадарожнікавых здымаках, што Расея, імаверна, адводзіць войскі.
Аззурра Мерынголо адзначае, што пакуль невядома, ці застанецца хтосьці на дзвюх базах у «Тартусе» і «Латакіі», каб весці перамовы з новым кіраўніцтвам Сірыі для абмеркавання будучыні і доўгатэрміновых планаў.
Сведкі страшных злачынстваў і блытаніна вакол
Сірыя доўгі час была амаль закрытай для журналістаў.
,,«Аднак мы ведалі, дзякуючы недзяржаўным і праваабарончым арганізацыям, што падчас праўлення Асада было здзейснена шмат злачынстваў. А цяпер усё гэта становіцца вядомым.
Я асабіста наведвала турму "Седная" 10 снежня – адну з найбуйнейшых і найбольш жорсткіх турмаў для сірыйцаў. Мы пабачылі там не толькі людзей, якія былі ў зняволенні гадамі, але і тых, хто знаходзіўся ў падземных тунэлях, дзе вязні цярпелі ад гвалту, катаванняў і нечалавечых умоў утрымання. Зараз праўда пра такія турмы адкрываецца ў многіх іншых месцах. Навіны пра масавыя пахаванні пацвярджаюць тое, што раней паведамлялі праваабарончыя арганізацыі. Становіцца ўсё больш відавочным, што сістэма рэпрэсіяў была добра арганізаванай і існавала больш за два дзесяцігоддзі», – падкрэслівае суразмоўніца «Белсату».
Яна кажа, што размаўляла з вялікай колькасцю былых зняволеных і запэўнівае, што іх фізічнае і псіхічнае здароўе знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай.
«Сярод іх ёсць тыя, хто нават не памятае сваіх імёнаў, узросту або таго, адкуль яны родам. Таму спатрэбіцца час, каб зафіксаваць іх сведчанні. Вязні гэтых турмаў у асноўным апісваюць сетку гвалту і рэпрэсій, пра якую ўжо раней паведамлялі недзяржаўныя і праваабарончыя арганізацыі. Гаворка ідзе пра пакаранні смерцю ў турмах, катаванні, недахоп ежы, адсутнасць святла і крайнія, нечалавечыя ўмовы жыцця», – кажа Аззурра Мерынголо.
Цяпер у Алепа назіраецца шмат змен.
«Сёння мы недалёка ад мяжы з Турцыяй. Мясцовыя кажуць, што яны больш не прымаюць грошы папярэдняга рэжыму, бо на іх ёсць выява Башара Асада, і просяць, каб я разлічвалася толькі ў доларах. Але ў той жа час я бачу, як людзі разлічваюцца турэцкімі лірамі. Таму сітуацыя цяпер даволі блытаная.
Тут ёсць два раёны, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад кантролем курдаў. Цяпер асноўная задача для ХТС ("Хаят Тахрыр Аш-Шам") – стварыць урад, які зможа аб’яднаць усе сірыйскія групоўкі. Мы бачым, што з боку курдаў ёсць пэўная ініцыятыва ў гэтым кірунку, але трэба пачакаць, каб зразумець, як яны выканаюць тое, што абяцалі народу Сірыі», – падводзіць рысу Аззурра Мерынголо.
Ігар Кулей, Арсен Рудэнка belsat.eu